Баснійскія мусульмане чакаюць візіту Пантыфіка |
| Друк | |
Святы Айцец
|
05.02.2015 12:21 |
Візіту Папы Францішка ў Сараева, які плануецца 6 чэрвеня, з вялікім энтузіязмам чакаюць таксама і мусульмане Босніі і Герцагавіны.
«Пантыфік будзе для нас жаданым госцем», — сказаў вялікі муфтый Хусэйн Кавазовіч падчас нядаўняй сустрэчы з кардыналам Вінка Пулічам. Пра гэта паведаміла мясцовае каталіцкае інфармацыйнае агенцтва «КТА».
Баснійскія мусульмане «маюць асаблівую радасць з прыбыцця Папы і яго прыхільнасці да абароны годнасці чалавечай асобы», сказаў мусульманскі лідар. Ён падтрымаў занепакоенасць Папы Францішка лёсам бедных і ўразлівых слаёў грамадства.
Святы Айцец абвясціў пра аднадзённы візіт у Сараева ў мінулую нядзелю. Цэнтральнымі падзеямі кароткай паездкі, паводле першай інфармацыі мясцовай Канферэнцыі Біскупаў, стануць: Эўхарыстыя, сустрэча з Прэзідэнтам Бакірам Ізетбегавічам і рэлігійнымі лідарамі краіны.
Паводле перапісу 2013 г., прыкладна палова з 3,8 млн жыхароў Босніі і Герцагавіны — мусульмане, наступная траціна належыць да Сербскай Праваслаўнай Царквы. З больш чым 800 тыс. католікаў, якія жылі на тэрыторыі цяперашняй Босніі і Герцагавіны да вайны ў перыяд паміж 1992 і 1995 гадамі, палова збеглі або былі выгнаны. Да Каталіцкага Касцёла ў цяперашні час належаць усяго каля 440 тыс. чалавек.
Падарожжа Папы Францішка ў Боснію і Герцагавіну стане яго другім «еўрапейскім» апостальскім візітам. У верасні 2014 г. Пантыфік наведаў іншую балканскую краіну — Албанію. Акрамя таго, 25 лістапада 2014 г. Святы Айцец здзейсніў падарожжа ў еўрапейскія структуры ў Страсбургу — Еўрапарламент і Савет Еўропы, але ў рамках гэтага візіту не сустракаўся з мясцовай каталіцкай супольнасцю.
|