Папа Францішак: «Мы не зможам змяніць свет да лепшага, калі не зменім адукацыю» | Друк |
Святы Айцец
06.02.2015 14:48

5 лютага з нагоды закрыцця IV Сусветнага кангрэсу міжнароднай адукацыйнай сеткі «Scholas Occurentes» (Школы за сустрэчу) Папа Францішак правёў відэаканферэнцыю з дзецьмі-інвалідамі з розных краін свету. Гэтая міжнародная сетка школ, створаная Папам падчас яго біскупскага служэння ў Буэнас-Айрэсе, сёння аб’ядноўвае 400 тыс. школ на 5 кантынентах.

У тэлемосце з Пантыфікам прыняло ўдзел больш за 260 дзяцей-інвалідаў з Аўстраліі, Афрыкі, Блізкага Усходу, ЗША, Паўднёвай Амерыкі. «У кожным дзіцяці схавана скрыначка са скарбам, — сказаў Святы Айцец. — Гэтую скарбонку трэба адкрыць, дастаць з яе скарб, памножыць яго і падзяліцца ім з іншымі».

На думку Святога Айца, мы не зможам змяніць свет да лепшага, калі не зменім адукацыю. Адукацыйны пакт, які складаецца ў школе, сям’і, краіне, парушаны; грамадства і сям’я дэлегуюць абавязкі «педагогам, якія часта атрымліваюць нізкую зарплату і якія нясуць увесь цяжар гэтай адказнасці». Папа выказаў настаўнікам сваю блізкасць і ўдзячнасць за іх цяжкую працу.

«Кожная краіна павінна імкнуцца знайсці ў сваёй гісторыі і народных традыцыях фундаментальныя рэчы, якія трэба вывучаць і пашыраць», — адзначыў Пантыфік. У італьянскай культуры такім падмуркам служыць Дантэ, у Аргенціне — Марцін Ф’ера. Абавязковым на шляху да гармоніі з’яўляецца, па словах Папы, таксама імкненне да хараства, пазнання мастацтва, музыкі, скульптуры, літаратуры.

Вельмі кранальным момантам відэаканферэнцыі стаў дыялог Папы з Ізабель, Пэдра, Алісіяй, Эльвірай, Тэйларам, Маношам і Баўці. Дзеці падзяліліся з Пантыфікам сваімі гісторыямі, цяжкасцямі і дасягненнямі. 13-летняя сляпая Ізабель распавяла Папу пра тое, што любіць атлетыку, якая вучыць яе не здавацца і не паддавацца маркоце. У гутарцы з Алісіяй Святы Айцец прызнаўся, што дрэнна водзіць машыну і не ўмее карыстацца камп’ютарам.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)
 
© 2003-2025 Catholic.by