Папа нагадаў пра важнасць жанчын у жыцці Касцёла і грамадства | Друк |
Святы Айцец
07.02.2015 20:01

Вывучэнне крытэрыяў і новых магчымасцяў, якія б дазвалялі жанчынам паўнапраўна ўдзельнічаць у розных сферах сацыяльнага і касцёльнага жыцця – выклік, ад якога нельга адвярнуцца, – гэтая думка была ў цэнтры звароту Святога Айца да ўдзельнікаў штогадовай пленарнай асамблеі Папскай рады па культуры, якая 7 лютага завяршылася ў Ватыкане.

Сёлетні форум быў прысвечаны праблемам жанчын і іх ролі ў жыцці Касцёла, сям’і і грамадства.

У першую чаргу Папа заклікаў пазбягаць ідэалагізаваных поглядаў у дыскусіі аб роўнасці і адметнасцях паміж паламі, “таму што “лінза” ідэалогіі перашкаджае добра бачыць рэальнасць”. Пантыфік нагадаў, што грамадскія мадэлі, заснаваныя на сацыяльнай падпарадкаванасці жанчыны мужчыну і на абсалютнай і чыстай роўнасці паміж імі, засталіся ў мінулым, прынамсі на Захадзе. Сёння, па словах Святога Айца, сфарміравалася новая парадыгма – узаемадапаўняльнасці ў роўнасці і адметнасці.

Папа звярнуўся таксама да тэмы мацярынскай функцыі жанчын. Яна, паводле Пантыфіка, не абмежавана выключна біялагічнай сферай, але можа быць абагульнена чатырма словамі: жадаць, нараджаць на свет, клапаціцца і адпускаць. Жанчыны, адзначыў Папа, здольныя ўцелаўляць пяшчотнае аблічча Бога і Яго міласэрнасці. “У гэтым сэнсе мне падабаецца апісваць жаночае вымярэнне Касцёла, у якасці гасціннага ўлоння, якое дае жыццё”, - сказаў Святы Айцец.

“Сімвал жыцця – жаночае цела – на жаль, нярэдка падвяргаецца нападам і знявечанням, таксама з боку тых, хто павінны быць яго абаронцамі і жыццёвымі спадарожнікамі”, - заўважыў Папа. Шматлікія формы рабства, эксплуатацыі, калечанняў – гэта заклік да дзеяння супраць прыніжэння жаночага цела да ўзроўню тавару, які можна прадаць на розных рынках, падкрэсліў Пантыфік.

Папа выказаў перакананасць у неабходнасці шырокай прысутнасці жанчын у жыцці Касцёла – у душпастырстве, суправаджэнні асобаў, сем’яў і груп, а таксама ў тэалагічным разважанні. Святы Айцец падкрэсліў незамяняльную ролю жанчын у сям’і і публічным жыцці і нагадаў пра неабходнасць гарантавання жанчынам магчымасці прымаць сацыяльныя і касцёльныя абавязкі, у гармоніі са сваім сямейным жыццём.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by