8 лютага Папа Францішак наведаў парафію Св. Міхала Арханёла ў рымскім раёне Пьетралата, які знаходзіцца ў паўночнай частцы горада і характарызуеца вялікай колькасцю бедных і эмігрантаў. Гэта быў дзясяты душпастырскі візіт Пантыфіка ў парафіі Рымскай дыяцэзіі.
Па прыездзе Святога Айца прывіталі мясцовыя скаўты, звяртаючыся да якіх, Папа нагадаў пра важнасць удзелу ў нядзельнай Эўхарыстыі. «Калі мне скажаш: “Не хачу ісці на Імшу, таму што стомлены”, я табе адкажу: “Неразумны, ты шмат губляеш! Калі ідзеш на Імшу – атрымліваеш Езуса і становішся больш моцным, каб змагацца ў жыцці”», — сказаў Пантыфік.
Перш чым прыбыць у парафію, Святы Айцец здзейсніў нечаканы візіт у баракі эмігрантаў і бежанцаў, якія раскінуліся ў некалькіх сотнях метраў ад касцёла. Яго жыхары, сярод якіх таксама палякі, украінцы і рускія, не хавалі здзіўлення і радасці ад візіту такога высокага госця. Папа паразмаўляў і памаліўся з імі.
Затым у парафіяльным цэнтры Святы Айцец сустрэўся з мясцовымі бяздомнымі, сем’ямі, дзецьмі і моладдзю. Гаворачы пра праблемы сужэнскага жыцця, у прыватнасці пра сваркі, якія нярэдка яму спадарожнічаюць, Папа нагадаў пра важнасць пошуку прымірэння напрыканцы кожнага дня. «Магчыма, будуць лятаць талеркі — можа здарыцца. Але ніколі не заканчвайце дня, не прымірыўшыся», — заклікаў Пантыфік.
Адказваючы на пытанне моладзі пра сваё пакліканне да святарства, Папа параўнаў яго з сужэнствам. Калі выбіраецца святарскае жыццё, «адчуваеш тое самае, калі вырашаеш ажаніцца, калі мужчына выбірае жанчыну», сказаў Пантыфік і дадаў, што як святарскае жыццё, так і сужэнства звязаны з пэўнымі адмаўленнямі. «Калі заключаю сужэнства з пэўнай асобай — адмаўляюся ад іншых, ад камфорту. Бо сужэнскае жыццё нялёгкае», —адзначыў Папа.
З дзецьмі і моладдзю Святы Айцец размаўляў таксама аб войнах. Пантыфік нагадаў, што іх крыніцай з’яўляецца дзейнасць злога: «Сатана падштурхоўвае жадаць чагосьці, што табе не належыць. Усё пачынаецца з зайздрасці, рэўнасці. Адна краіна хоча авалодаць іншай — і так пачынаюцца войны, забіваецца вялікая колькасць людзей, людзі ўцякаюць і жывуць на вуліцах. У свеце шмат войнаў, таму што існуе нянавісць. А хто сее нянавісць? Сатана». Папа дадаў, што мір, у сваю чаргу, паходзіць ад Хрыста.
Падчас Эўхарыстыі Святы Айцец, між іншым, заклікаў вернікаў да частага чытання Евангелля, «са старонак якога прапаведуе сам Езус».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|