Хай «дар слёз» — глыбокага перажывання чалавекам духоўнага навяртання — зробіць нашу малітву і шлях навяртання да Бога больш праўдзівымі і свабоднымі ад крывадушнасці. З такім пасланнем звярнуўся да вернікаў Папа Францішак 18 лютага вечарам падчас святой Імшы ў рымскай базыліцы св. Сабіны.
У Папяльцовую сераду — дзень, калі ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца перыяд Вялікага посту — Святы Айцец казаў аб тым, што ў гэты час мы імкнемся да больш цеснай сувязі з Езусам, імкнемся наблізіцца да таямніцы Яго пакут і ўваскрасення.
Папа спаслаўся на словы прарока Ёэля, які заклікаў, каб малітва святароў суправаджалася слязьмі. «Было б добра, калі б кожны з нас, але асабліва мы, святары, пачынаючы пост, папраcілі паслаць нам дар слёз, які зробіць нашу малітву і наш шлях навяртання больш праўдзівым і свабодным ад крывадушнасці. Было б добра сябе запытаць: “Ці плачу я? Ці плача Папа? Ці плачуць кардыналы? Біскупы? Вернікі? Святары? Ці ёсць у нашых малітвах плач?"», — сказаў Папа Францішак у сваёй гаміліі.
Па словах Папы, крывадушнасць псуе справы міласэрнасці: міласціну, малітву і пост. «Крывадушнікі не ўмеюць плакаць, яны забыліся, што гэта значыць, і не моляцца аб тым, каб Бог паслаў ім слёзы. Калі мы здзяйсняем добрыя справы, у нас амаль інстынктыўна нараджаецца жаданне, каб нас ацанілі і намі захапляліся. Езус вучыць рабіць добрыя справы без хвальбы, спадзеючыся толькі на тое, што іх ацэніць Бог, які ўсё бачыць», — сказаў Святы Айцец.
Пантыфік дадаў, што чалавек — «стварэнне абмежаванае», грэшнае, якое патрабуе пакаяння і навяртання да Бога. Навярнуцца да Бога «ўсім сэрцам» значыць, па словах Папы, «ступіць на шлях не павярхоўнага ператварэння, а на духоўны шлях, пракладзены ў сэрцы чалавека, там, дзе засяроджаны яго пачуцці і адносіны, там, дзе ён робіць выбар». Папа Францішак запрасіў усіх хаця б на хвіліну спыніцца і прымірыцца з Богам, вярнуцца да Яго з новым сэрцам, ачышчаным ад зла. Пантыфік заклікаў усіх пражыць Вялікі пост з «надзеяй і радасцю», так, каб «яго вонкаваму выкананню адпавядала глыбокае духоўнае абнаўленне».
|