Партугальская мастачка Алена Локато напісала асабісты ліст Папу Францішку, у якім паінфармавала Святога Айца, што «на пытанне пра веру і Бога не можа знайсці адказу ў чалавечых парадах», таму яна спытала, дзе павінна шукаць святла.
Яна таксама прызнала, што пошук Бога і сэнсу жыцця напаўняюць яе сэрца неспакоем і нараджаюць усё новыя сумненні. Алена Локато папрасіла Святога Айца маліцца за яе, каб Бог даў ёй неабходнае святло.
Папа Францішак адказаў на ліст, у якім сцвердзіў, што сапраўднае святло мы атрымліваем падчас хросту і запрасіў мастачку на пасхальныя ўрачыстасці ў Ватыкан. Папа дадаў таксама, што можа ўдзяліць ёй сакрамэнт хросту.
«Я думала над гэтым некалькі месяцаў. У рэшце рэшт я пачала падрыхтоўкі да прыняцця хросту і адказала Папу, што хачу, каб ён мне яго ўдзяліў», — прызналася Алена Локато. Яна пахвалілася, што ліст Святому Айцу напісала пасля таго, калі паглядзела рэпартаж, які падводзіў вынікі першага года пантыфікату Папы Францішка.
|