Кардынал П’етро Паралін пра выклікі для ватыканскай дыпламатыі | Друк |
Святы Айцец
12.03.2015 17:49

«Задача пабудовы міру патрабуе ад Святога Пасада канкрэтных дзеянняў, накіраваных на дасягненне «братэрства» і мірнага «суіснавання» народаў у рамках міжнароднага права», — адзначыў Дзяржсакратар кардынал П’етро Паралін, звяртаючыся 11 сакавіка да студэнтаў і выкладчыкаў Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта.

Ватыканскі іерарх нагадаў, што голас Папы ў пытаннях міру заўсёды меў і мае вагу на міжнароднай арэне. «Мэта Святога Пасада заключаецца ў тым, каб спрыяць дасягненню міру як плёну справядлівых адносін, павагі да міжнародных нормаў і гарантыі асноўных правоў чалавека», — падкрэсліў Дзяржаўны Сакратар.

На думку кардынала Параліна, сучаснае міжнароднае права прытрымліваецца ідэі такога міру, якая не выключае магчымасці вайны. «Жорсткія падзеі гэтых дзён» патрабуюць ад дзяржаў і міжурадавых арганізацый «прыняцця мер, накіраваных на прадухіленне вайны ў любой яе форме», з дапамогай прыкладаў, якія дазваляюць мірна вырашаць спрэчныя пытанні, такіх, як дыялог, перамовы, пасярэдніцтва і пагадненне, падкрэсліў кардынал.

Дзяржсакратар адзначыў патрэбу ў нарматыўных інструментах, якія служаць для рэгулявання наступстваў «канфліктаў, якія ўжо скончыліся». Маецца на ўвазе вяртанне бежанцаў, аднаўленне палітычных і эканамічных адносін, уз’яднанне сем’яў, вяртанне маёмасці, кампенсацыя страт. Кажучы пра такія «гарачыя» тэмы, як раззбраенне і абарона рэлігійных меншасцяў, кардынал П’етро Паралін падкрэсліў, што ўжыванне сілы «для раззбраення агрэсара» павінна быць «апошняй мерай законнай самаабароны».

Кардынал нагадаў пра неабходнасць пабудовы «культуры міру», барацьбы з беднасцю і эканамічнай адсталасцю. «Няроўнае размеркаванне харчовых рэсурсаў, адсутнасць доступу да рынкаў, несправядлівыя правілы міжнароднага гандлю, няспелая экалагічная свядомасць, забруджванне навакольнага асяроддзя — вось тыя фактары, якія патрабуюць сапраўднай салідарнасці дзяржаў для гарантыі мірнай будучыні», — перакананы Дзяржсакратар.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 
© 2003-2025 Catholic.by