Cвяты Айцец заклікае настаўнікаў найбольш любіць складаных вучняў | Друк |
Святы Айцец
16.03.2015 15:10

14 сакавіка Святы Айцец сустрэўся з членамі Каталіцкага настаўніцкага саюза — італьянскага аб’яднання, у якое ўваходзяць школьныя настаўнікі з усёй краіны. На аўдыенцыі з Пантыфікам, якая адбылася ў ватыканскай Зале Паўла VI, сабраліся каля 2 тыс. яе членаў.

Папа Францішак назваў аўдыенцыю «сустрэчай паміж калегамі». Ён нагадаў, што сам займаўся выкладчыцкай дзейнасцю і з задавальненнем успамінае час, які праводзіў разам з навучэнцамі.

«Вучыць іншых — гэта цудоўная праца. Шкада, што праца настаўнікаў кепска аплочваецца. Яны ж праводзяць час не толькі ў школе, але павінны таксама рыхтавацца, думаць пра кожнага з вучняў: як ім дапамагчы ісці наперад. Сапраўды, гэта несправядівасць! Такая цудоўная праца, і так кепска аплочваецца. І гэта крыху падобна на тое, як быць бацькамі, прынамсі духоўна. Гэта вялікая адказнасць!», — сказаў Папа Францішак.

Святы Айцец заклікаў настаўнікаў браць прыклад з хрысціянскіх выкладчыкаў і ісці на «школьныя перыферыі», якія нельга асудзіць на маргіналізацыю, неадукаванасць і кепскае жыццё.

«Абавязак добрага настаўніка — тым больш хрысціянскага — заключаецца ў тым, каб найбольш любіць “складаных” вучняў, самых слабых, няўдачлівых. Езус сказаў бы: калі любіце тых, хто вучыцца, тых, якія добра выхаваны, якую ўзнагароду атрымаеце? Ёсць тыя, якія прыводзяць да страты цярпення — іх мы павінны любіць больш! Тых, якія не хочуць вучыцца, знаходзяцца ў кепскай  сітуацыі, інваліды або замежнікі — яны сёння з’яўляюцца вялікім выклікам для школы», — сказаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 
© 2003-2025 Catholic.by