Папа наведаў прыгарад Неапаля Шампію | Друк |
Святы Айцец
21.03.2015 14:42

Мігранты – гэта не людзі другога гатунку, а цяжкая праца за малыя грошы – рабства, перад абліччам якога хрысціяне не павінны маўчаць, – аб гэтым Папа Францішак казаў на пачатку свайго візіту ў Неапаль 21 сакавіка, наведваючы яго прыгарад Шампію, які характарызуецца беднасцю, актыўнай дзейнасцю крымінальных груповак і вялікай колькасцю мігрантаў. Святы Айцец прыбыў сюды з Пампеяў у рамках пастырскага візіту ў Кампанію.

На мясцовай плошчы св. Яна Паўла ІІ адбылася сустрэча Папы з прадстаўнікамі розных сацыяльных груп і прафесій. “Я хацеў пачаць мой візіт у Неапаль адсюль, з гэтай перыферыі”, - прызнаўся Пантыфік. Святы Айцец уважліва выслухаў прадстаўнікоў мігрантаў, рабочых, супрацоўнікаў судовых і праваахоўчых органаў, якія падзяліліся сваімі марамі аб годнасці, прызнанні сакральнасці працы і перамогі над карупцыяй і насіллем.

У сваёй прамове Святы Айцец асудзіў эканамічную сістэму, якая крадзе ў людзей годнасць, не даючы магчымасць прыносіць хлеб дадому. “Якую будучыню будзе мець малады чалавек без працы, і які шлях ён абярэ ў жыцці - гэта адказнасць не толькі гарадоў, краін, але ўсяго свету. Існуе эканамічная сістэма, якая выкідвае людзей на ўзбочыну жыцця”, - сказаў Папа. Таксама Пантыфік асудзіў нелегальную працу ў нягодных умовах і без сацыяльных выплат, адзначыўшы: “Гэта называецца рабствам, гэта не па-хрысціянску”.  

Святы Айцец часта адрываўся ад загадзя падрыхтаванага тэксту прамовы і звяртаўся да людзей спантанна, яго словы перабіваліся доўгімі апладысментамі, якія выражалі згоду.

Папа нагадаў, што мігранты з’яўляюцца дзецьмі Божымі і патрабуюць прызнання гэтага з боку сваіх новых грамадстваў. Пантыфік рашуча асудзіў карупцыю, якая з’яўляецца “бруднай” і “смярдзючай” справай, з якой хрысціяне не павінны мець нічога агульнага.

“Вы належыце да народа з доўгай гісторыяй, прасякнутай складанымі і драматычнымі падзеямі. Жыццё ў Неапалі ніколі не было лёгкім, але і не было сумным! А гэта радасць і вясялосць – ваш вялікі рэсурс”, - сказаў Святы Айцец і заклікаў мясцовых вернікаў не дазволіць скрасці ў сябе “вялікую спадчыну” надзеі, якая дапамагае ўздымацца пасля падзенняў і суцяшае душы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by