12 красавіка Папа Францішак цэлебраваў у ватыканскай базыліцы святую Імшу з нагоды стагоддзя “Вялікага ліхадзейства” – фізічнага знішчэння армян у Асманскай імперыі з 1915 па 1918 гг.
Падчас Эўхарыстыі, якая прайшла ў армянскім абрадзе, Святы Айцец
абвясціў Доктарам Паўсюднага Касцёла св. Грыгорыя з Нарэка – армянскага
святара і законніка, паэта і вучонага, які жыў у перыяд паміж 950-1005
гг. Святы Грыгорый шануецца як вялікі тэолаг і адзін з самых важных паэтаў армянскай літуратуры. Шырокую вядомасць яму прынёс твор “Кніга пакутных песняў”, які адыграў важную ролю ў станаўленні армянскай літаратурнай мовы.
Звяртаючыся да армян, прысутных у базыліцы св. Пятра, Пантыфік адзначыў, што свет зараз перажывае свайго роду трэцюю сусветную вайну, калі кожны дзень мы бачым страшныя злачынствы, крывавыя забойствы і шаленства разбурэння. “На жаль, таксама і сёння мы чуем прыдушаныя крыкі многіх нашых безабаронных братоў і сясцёр, якіх з-за веры ў Хрыста ці этнічнай прыналежнасці публічна і жорстка забіваюць: якіх абезгалоўліваюць, укрыжоўваюць, спаліваюць жыўцом або прымушаюць пакідаць свае землі”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў, што ў ХХ стагоддзі чалавецтва перажыло тры вялікія трагедыі: генацыд армян, грэкаў, а таксама іншых народаў; злачынствы нацызму і сталінізму, ці масавыя знішчэнні ў Камбоджы, Руандзе, Бурундзі і Босніі і г.д. Папа дадаў, што нават сёння ёсць людзі, якія імкнуцца ліквідаваць іншых, бо яшчэ не навучыліся, што “вайна – гэта вар'яцтва, бескарысная разня”. Кажучы пра знішчэнне армян, Пантыфік падкрэсліў, што пра гэтыя трагічныя падзеі мы павінны памятаць, бо “там, дзе няма памяці, зло робіць тое, што рана ўсё яшчэ адкрыта”. “Укрыванне або аспрэчванне зла - гэта быццам бы дазвол на тое, каб рана надалей крывавіла, не лечачы яе”, - сказаў Святы Айцец.
Гаворачы пра трагічныя падзеі мінулага перыяду, Папа адзначыў, што толькі Бог можа запоўніць гэту пустэчу, якую зло адкрывае ў сэрцах і ў гісторыі. “З кожнага граху і найбольшых трагедый свету вызваляе нас смерць Хрыста, бо Яго міласэрнасць вечная”, - сказаў Святы Айцец.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|