Папа Францішак сустрэўся з Генеральным сакратаром ААН |
| Друк | |
Святы Айцец
|
28.04.2015 14:31 |
Папа Францішак сустрэўся з Генеральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам, які прымае ўдзел у аднадзённым семінары ў Папскай акадэміі навук на тэму “Абараніць зямлю, зрабіць высакародным чалавецтва. Маральнае вымярэнне кліматычных зменаў і ўстойлівага чалавецтва”. Святы Айцец наведаў яе раніцай 28 красавіка, каб асабіста прывітаць высокага госця.
У форуме прымаюць удзел шматлікія эксперты, навукоўцы, ватыканскія іерархі. На яго прыбудзе Прэзідэнт Італіі Серджыа Матарэла.
Мэта семінара – паказаць адпаведнасць каштоўнасцяў устойлівага развіцця каштоўнасцям асноўных рэлігійных традыцый, у тым ліку ў перспектыве клопату пра самых безабаронных. Ватыканскі форум узносіць на новы ўзровень дыскусію аб маральным вымярэнні абароны навакольнага асяроддзя і жадае кансалідаваць сусветны міжрэлігійны рух на карысць абароны экалогіі. Адным з заданняў семінара з’яўляецца заключэнне супольнай дэкларацыі аб маральным і рэлігійным імператыве ўстойлівага развіцця. Чакаецца, што яна будзе падпісана на заканчэнне форума.
У сваім звароце да ўдзельнікаў Генеральны сакратар ААН нагадаў, што погляды навукі і рэлігіі на кліматычныя змены супадаюць, таму паміж імі павінна існаваць супрацоўніцтва. Для пераўтварэння сучасных эканомік у бок спрыяльных для экалогіі і ўстойлівага развіцця неабходна пераўтварэнне мыслення і сумленняў, і тут рэлігіі могуць зрабіць адмысловы ўклад, заўважыў Пан Гі Мун. Ён прызнаўся, што з нецярпеннем чакае з’яўлення энцыклікі Папы Францішка на тэму экалогіі, якая, на яго думку, зможа данесці да свету пасланне пра тое, што абарона навакольнага асяроддзя з’яўляецца актуальным маральным імператывам і святым абавязкам усіх людзей веры і добрай волі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|