Кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, накіруецца ў Ірак, каб прынесці мясцовым жыхарам благаслаўленне Папы і падтрымаць улады краіны ў намаганнях на карысць хрысціян і іншых рэлігійных меншасцяў. Візіт ватыканскага іерарха будзе працягвацца з 1 па 5 мая.
Першым пуктам падарожжа кардынала стане Багдад. Тут іерарх сустрэнецца з кіраўніком іракскай дзяржавы, дыпламатамі, мясцовым духавенствам, лідарамі мусульманскай і іншых хрысціянскіх супольнасцяў, членамі экуменічнай катэхетычнай камісіі, бежанцамі, аб якіх клапоцяцца касцёльныя структуры. У Багдадзе кардынал будзе цэлебраваць літургію ў халдзейскім катэдральным саборы. Затым іерарх накіруецца ў Эрбіль, сталіцу Курдскай аўтаномнай акругі, і Анкаву, дзе пасяліліся шматлікія хрысціяне з Ніневійскай даліны, вымушаныя пакінуць родныя мясціны, захопленыя баевікамі так званай “Ісламкай дзяржавы”.
Разам з кардыналам Сандры іракскі Курдыстан наведаюць прадстаўнікі шэрагу каталіцкіх дабрачынных арганізацый, каб разам пазнаёміцца з патрэбамі людзей і прыняць рашэнне аб неабходнай дапамозе.
Папа Францішак ужо не ў першы раз адпраўляе сваіх пасланнікаў у Ірак. У жніўні 2014 г., а таксама сёлета на працягу Вялікага тыдня падтрымаць вернікаў гэтай блізкаўсходняй краіны, пакутуючай ад няспынных канфліктаў і тэрарызму, прыязджаў кардынал Фернанда Філоні, прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|