4 мая Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Лютэранскай Царквы Швецыі на чале з яе кіраўніцай архіепіскапам Упсалы Анцье Якелен. У цэнтры прамовы Святога Айца была тэма экуменізму.
Падзел паміж хрысціянамі, па словах Папы, не толькі супярэчыць волі Хрыста, але і з’яўляецца спакусай для свету. Ён перашкаджае самай галоўнай мэце: абвяшчэнню Евангелля кожнаму стварэнню, адзначыў Пантыфік.
Спасылаючыся на дэкрэт пра экуменізм Другога Ватыканскага Сабору “Unitatis Redintegratio”, Папа нагадаў пра павагу Касцёла да “адлучаных” братоў і сясцёр. Яны не разглядаюцца ў якасці ворагаў або канкурэнтаў, але ў якасці тых, кім з’яўляюцца: братоў і сясцёр у веры. “Католікі і лютэране пакліканы шукаць адзінства і спрыяць яму ў дыяцэзіях, парафіях, у супольнасцях па ўсім свеце. На шляху да поўнага і бачнага адзінства ў веры, у сакрамэнтальным жыцці і касцёльнай таямніцы яшчэ шмат трэба зрабіць, але мы можа быць упэўненымі, што Дух Суцяшыцель будзе заўсёды святлом і сілай духоўнага экуменізму і тэалагічнага дыялогу”, — сказаў Папа.
Святы Айцец пажадаў, каб экуменічныя адносіны развіваліся ў дабрачыннай сферы, у працы на карысць самых слабых і безабаронных. “Тэрміновую важнасць мае таксама пытанне годнасці чалавечага жыцця, якая заўсёды павінна паважацца, а таксама тэматыкі, звязаныя з сям’ёй, сужэнствам і сексуальнасцю, якія не могуць замоўчвацца ці ігнаравацца з-за страху паставіць пад пагрозу дасягнутую экуменічную згоду. Было б шкада, калі б гэтыя важныя пытанні ўмацавалі новыя канфесійныя адметнасці”, — выказаў сваю пазіцыю Пантыфік.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|