10 мая Папа Францішак прыме Прэзідэнта Рэспублікі Куба Рауля Кастра, паведаміў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі.
Прадстаўнік Святога Пасаду адзначыў, што аўдыенцыя будзе строга прыватнай і пройдзе у пакоі сустрэч Залы Паўла VI, недалёка ад папскай рэзідэнцыі ў Доме св. Марты. Святар нагадаў, што кубінскі лідар публічна дзякаваў Пантыфіку за ролю, якую ён адыграў у збліжэнні паміж Кубай і Злучанымі Штатамі, і што ў верасні гэтага года, перад візітам у ЗША, Святы Айцец наведае Кубу.
Кубінскі епіскапат ужо стварыў спецыяльную камісію для падрыхтоўкі запланаванага падарожжа Папы Францішка ў гэтую краіну.
Некалькі дзён таму з паездкі на Кубу вярнуўся ў Ватыкан прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства. Падчас свайго візіту на востраў кардынал Беньяміна Стэла сустрэўся, сярод іншых, з Раулем Кастра. Іерарх паведаміў Ватыканскаму радыё, што абмяркоўваліся тэмы эканамічных цяжкасцяў на Кубе, аднаўлення разбураных храмаў, доступу Касцёла да СМІ.
Кардынал адзначыў важнасць прыезду Пантыфіка на востраў, таму што мясцовыя жыхары ўспрымаюць яго як «свайго», выхадца з Лацінскай Амерыкі, які размаўляе на іх роднай мове. «Я думаю, што існуе натуральная хімія паміж светам Лацінскай Амерыкі, у гэтым выпадку кубінскім, і Папам Францішкам», — сказаў кардынал Стэла. Іерарх лічыць, што гэта будзе «па-сапраўднаму пастырскі візіт», бо Святы Айцец «хоча адчуць гэты асаблівы Касцёл на Кубе, які моцна пашыраецца і які мае так шмат хрысціянскіх і агульначалавечых каштоўнасцяў».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|