Больш за 30 мерапрыемстваў чакаюць Папу Францішка падчас дзевяцідзённага візіту ў тры лацінаамерыканскія краіны. 5-13 ліпеня Пантыфік наведае Эквадор, Балівію і Парагвай.
8 мая ў Ватыкане была абнародавана афіцыйная праграма папскай пілігрымкі. Першым пунктам стане святая Імша ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў эквадорскім Гуаякіль, куды Пантыфік прыляціць раніцай 6 ліпеня з Кіта (сюды Папа прыбудзе з Рыма 5 ліпеня ўвечары). Адразу пасля вяртання ў сталіцу Эквадора адбудзецца візіт да Прэзідэнта краіны Рафаэля Карэа. Позна вечарам Святы Айцец наведае мясцовую катэдру.
На наступны дзень – 7 ліпеня – Папа правядзе тры сустрэчы: з мясцовым епіскапатам, школьнікамі, студэнтамі і выкладчыкамі, грамадскасцю краіны, а таксама ўзначаліць шматтысячную святую Імшу на адкрытым паветры. 8 ліпеня, перад тым, як адправіцца ў Балівію, Пантыфік сустрэнецца з духавенствам, законнікамі і семінарыстамі ў размешчаным у прыгарадзе Кіта марыйным санктуарыі.
Візіт у Шматнацыянальную Дзяржаву Балівія распачнецца з наведвання Ла-Пас і сустрэч з мясцовым Прэзідэнтам Эва Маралесам і ўладамі краіны. 9 ліпеня Пантыфік правядзе ў Санта-Крус-дэ-ла-Сьера, дзе ўзначаліць Эўхарыстыю з масавым удзелам вернікаў, сустрэнецца з духавенствам і прыме ўдзел у II Сусветнай сустрэчы народных рухаў. Свой візіт у Балівію Папа завершыць 10 ліпеня сустрэчай з мясцовым епіскапатам.
У той жа дзень Святы Айцец адправіцца ў Парагвай. Візіт у гэтую краіне абмяжуецца сталіцай – горадам Асунсьён. Пасля прылёту Папа сустрэнецца з Прэзідэнтам краіны Фернанда Луга, а затым з мясцовымі ўладамі і дыпкорпусам. 11 ліпеня Пантыфік узначаліць святую Імшу, наведае педыятрычны шпіталь, сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадскасці, адправіць Нешпары з удзелам духавенства, законнікаў, семінарыстаў і членаў каталіцкіх рухаў.
12 ліпеня Папа распачне з сустрэчы з жыхарамі раёну Баньяда Нотрэ, якія пастаянна церпяць ад паводак. Затым Святы Айцец правядзе шматтысячную Імшу, пасля якой сустрэнецца з парагвайскім епіскапатам. Апошнім пунктам лацінаамерыканскага падарожжа Пантыфіка стане сустрэча з мясцовай моладдзю, і ў той жа дзень вечарам ён адправіцца ў Рым, куды прыбудзе ўжо 13 ліпеня.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|