Папа Францішак адказаў на пытанні дзяцей | Друк |
Святы Айцец
11.05.2015 16:54

Калі сварыцца, то заўсёды мірыцца і будаваць мір праз любоў адзін да аднаго, — такія парады даў Святы Айцец Францішак 7 тысячам маленькіх удзельнікаў італьянскай адукацыйнай ініцыятывы «Фабрыка спакою». Папа сустрэўся з імі 11 мая ў Ватыкане.

Адклаўшы падрыхтаваную загадзя прамову, Пантыфік навязаў жывы дыялог з дзецьмі – яны задавалі пытанні, ён адказваў. Папа прызнаўся, што натоўпы людзей, з якімі ён сустракаецца, не парушаюць яго спакою. Па словах Святога Айца, спакой крадуць рэўнасць, зайздрасць і прагнасць, і менавіта па гэтай прычыне ў наш час столькі войнаў.

«Многія ўплывовыя людзі не хочуць міру! Таму што яны жывуць войнамі!» — сказаў Папа.

Прагучала і пытанне аб прычыне цярпення нявінных дзяцей. «На яго няма адказу!» — сказаў Пантыфік, дадаўшы, аднак, што існаванне тых, хто патрабуе дапамогі, — гэта заўсёды імператыў для хрысціян.

Практычна ўсе пытанні дзяцей былі сканцэнтраваны вакол тэмы спакою і справядлівасці: што такое мір, чаму падлеткі трапляюць у турму, чым дапамагае рэлігія ў жыцці, ці ўсе людзі роўныя?

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by