Папа сустрэўся з арганізатарамі канцэрту для бедных у Ватыкане |
| Друк | |
Святы Айцец
|
14.05.2015 14:10 |
13 мая Папа Францішак сустрэўся з арганізатарамі і спонсарамі дабрачыннага канцэрту класічнай музыкі, які пройдзе 14 мая ў ватыканскай Зале Паўла VI па ініцыятыве Апостальскай элемазінарыі, Папскіх радаў па культуры і па новай евангелізацыі і дабрачыннага фонду св. Мацвея.
«Музыка мае здольнасць аб’ядноўваць душы і яднаць нас у Пану», — сказаў Святы Айцец падчас сустрэчы. Пантыфік выказаў перакананасць, што канцэрт дапаможа ўзняцца над «дзелавым матэрыялізмам, які заўсёды нас акружае і прыніжае, пазбаўляе радасці».
Падчас канцэрту выступіць салернскі філарманічны аркестр «Джузэпэ Вердзі» і хор Рымскай дыяцэзіі пад кіраўніцтвам кс. Марка Фрызіны. Усе ганаровыя месцы падчас яго будуць займаць не кіраўнікі дзяржаў і арганізацый, як звычайна адбываецца падчас падобных падзей, а бедныя, бяздомныя і сем’і з перыферый Вечнага горада. Усім прысутным будзе прадстаўлена магчымасць добраахвотна скласці ахвяраванні на дапамогу бедным.
«Гэты канцэрт пройдзе, каб пасеяць радасць. Не мімалётную забаўляльную весялосць, не! Семя застанецца ў душах усіх і прынясе шмат дабра ўсім», — выказаў спадзяванне Папа і падзякаваў арганізатарам канцэрту.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|