Папа да законнікаў: быць уважлівымі да патрэбаў людзей | Друк |
Святы Айцец
17.05.2015 16:14

16 мая Папа Францішак сустрэўся ў Ватыкане з законнікамі і законніцамі Рымскай дыяцэзіі. Звяртаючыся да іх, Пантыфік адзначыў, што сёння, як ніколі, «патрэбна быць цярплівымі і здольнымі прабачаць, не крытыкаваць», і прыкладам у гэтым можа стаць маці, якая не абражае сваё дзіця, нібыта мачаха.

Нагадваючы, што Касцёл знаходзіцца напярэдадні Года Божай Міласэрнасці, Папа заклікаў законнікаў і законніц сведчыць аб міласэрнасці «з усмешкай на вуснах, з сэрцам, поўным любові, як у маці». Пантыфік падкрэсліў важнасць раўнавагі паміж духоўным і канкрэтным: гэта значыць, ад законнікаў патрабуецца не занадта «лётаць у аблоках», але і «стаяць на зямлі», каб слухаць, чым жыве свет і якія патрэбы маюць браты.

Святы Айцец дадаў, што нават кляўзуровыя законніцы не могуць быць выключанымі з жыцця свету, таму што іх пакліканне заключаецца не ва «ўцяканні»: яны павінны «трымаць узнятымі антэны», каб ведаць пра патрэбы людзей. Неабходна захоўваць жывы кантакт з тымі, хто стукае ў дзверы кляштараў і просіць аб дапамозе, трэба служыць ім з усмешкай, таму што законніцам без усмешкі «чагосьці не хапае», сказаў Пантыфік.

Папа заклікаў кансэкраваных асобаў маліцца за святароў і біскупаў па прыкладзе св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, дадаўшы, што ў сваю чаргу абавязкам біскупаў з’яўляецца «стварэнне гармоніі ў дыяцэзіі».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by