17 мая Папа Францішак здзейсніў кананізацыю чатырох законніц, якія жылі ў ХІХ ст.: францужанкі Жанны Эмілі дэ Вільнёў, італьянкі Крысціны Марыі Брандо і палестынак Марыям Бавардзі і Мары-Альфонсін Гатас.
Урачыстая Імша адбылася на галоўнай ватыканскай плошчы ў прысутнасці вялікай колькасці вернікаў, касцёльных іерархаў, прадстаўнікоў грамадскага і палітычнага жыцця. Сярод прысутных быў таксама Прэзідэнт Палестыны Махмуд Абас. Кананізаваныя палестынскія законніцы сталі першымі святымі ў гісторыі гэтага народа.
«Кожны вучань Хрыста пакліканы станавіцца сведкам Яго ўваскрасення, асабліва ў тых чалавечых асяроддзях, дзе найбольш моцнае забыццё Бога і загубленасць чалавека», — сказаў Пантыфік у гаміліі. Для выканнання гэтай місіі, па словах Папы, трэба пастаянна прабываць у Богу, плёнам чаго становіцца любоў. «Гэта любоў ззяе ў сведчанні сястры Жанны Эмілі дэ Вільнёў, якая прысвяціла сваё жыццё Богу і бедным, хворым, вязням, прыгнечаным і стала для іх усіх канкрэтным знакам міласэрнай любові Бога», — сказаў Папа.
Прабыванне з Богам – гэта, як адзначыў Пантыфік, «атмасфера», у якой жыве хрысціянін і ў якой знаходзіць сілу, каб заставацца верным Евангеллю, таксама пасярод перашкодаў і неразуменняў. «Прабываць у любові»: так чыніла сястра Крысціна Марыя Брандо; гарачая любоў Пана цалкам заваявала яе; ад малітвы, ад сардэчнай сустрэчы з Уваскрослым Езусам, прысутным у Эўхарыстыі, яна атрымлівала сілы, каб пераносіць пакуты і дарыць сябе, як падзелены хлеб, шматлікім далёкім ад Бога асобам і прагнучым сапраўднай любові, падкрэсліў Папа.
Адным з важных аспектаў сведчання аб Пану, па словах Папы, з’яўляецца адзінства паміж Яго вучнямі – адзінства, падобнае таму, якое існуе паміж Асобамі Святой Тройцы. «Гэтай вечнай любоўю паміж Айцом і Сынам, якая выліваецца на нас праз Святога Духа, умацоўваецца наша місія і наша братэрская еднасць; з яе нараджаецца заўсёды новая радасць наследвання Пана на шляху Яго беднасці, Яго цнатлівасці і Яго паслухмянасці і гэта самая любоў кліча ўмацоўваць сузіральную малітву. Гэта выключным чынам перажыла сястра Марыя Бавардзі, якая, пакорная і неадукаваная, была здольнай даваць парады і крайне зразумелыя тэалагічныя тлумачэнні, што было плёнам працяглага дыялогу са Святым Духам. Паслухмянасць Духу ўчыніла яе прыладай сустрэчы і адзінства з мусульманскім светам. Таксама і сястра Марыя-Альфонсін Гатас добра ўсвядоміла, што значыць распаўсюджваць Божую любоў праз апостальства, становячыся сведкай лагоднасці і адзінства. Яна дае нам ясны прыклад таго, наколькі важна быць адказнымі адзін за аднаго, жыць, служачы адзін аднаму», — сказаў Святы Айцец.
Папа Францішак скончыў гамілію пытаннем да сабраных на ватыканскай плошчы: наколькі мы з’яўляемся сведкамі Уваскрослага Езуса; як прабываем у Яго любові; ці здольныя «пасеяць» зерне адзінства ў сваіх сем’ях, працоўных асяроддзях, супольнасцях?
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|