Пантыфік: місіянерства — гэта не празелітызм і не стратэгія | | Друк | |
Святы Айцец |
25.05.2015 16:08 |
У пасланні, апублікаваным 24 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Папа Францішак звярнуў увагу на блізкую сувязь паміж місіянерствам і кансэкраваным жыццём, нагадваючы, што, ідучы за Хрыстом, чалавек не можа не стаць місіянерам. А місіянеры пакліканы цалкам і бескампрамісна прысвяціць сябе абвяшчэнню Евангелля, пра што неабходна нагадваць падчас выхаваўчага працэсу ў манаскіх супольнасцях. Асаблівую ўвагу Пантыфік звярнуў у сваім пасланні на важную ролю свецкіх вернікаў і моладзі ў місіі Касцёла. Святы Айцец заклікаў кансэкраваных асобаў уключаць у місійную дзейнасць свецкіх, адкрытых на супрацоўніцтва і гатовых прысвяціць гэтай справе прынамсі невялікую колькасць часу. Папа Францішак адзначыў, што абвяшчэнне Евангелля павінна суправаджацца павагай да культуры кожнага народа, а яго прывілеяванымі адрасатамі павінны стаць бедныя, хворыя, пагарджаныя і забытыя. «Клопат пра бедных – гэта не даніна нейкай ідэалогіі, але прыпадабненне да тых, хто жыве ў галечы, на падабенства Езуса, братэрства з імі, нясенне радасці Евангелля і Божай любові», — падкрэсліў Святы Айцец. Сёлета Сусветны дзень місій будзе адзначацца ва ўсім Касцёле ў нядзелю 18 кастрычніка. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |