Папа Францішак не глядзіць тэлевізар і марыць схадзіць у піцэрыю | | Друк | |
Святы Айцец |
25.05.2015 16:54 |
Святы Айцец прызнаўся, што не можа жыць без сустрэч з людзьмі: яму падабаецца у ватыканскім Доме св. Марты, дзе пастаянна пражывае каля 40 супрацоўнікаў Апостальскай Сталіцы і шматлікія госці, цэлебраваць ранішнюю Эўхарыстыю ў прысутнасці розных груп вернікаў. «Я стаў святаром, каб быць з людзьмі», — сказаў Папа. Пантыфіку не хапае свабоднага выхаду ў горад, наведвання піцэрыі, карыстання аўтобусам і метро, што ён звычайна рабіў да абрання на Пасад св. Пятра. «Мне не хапае гораду, таму што я гараджанін у душы», — падкрэсліў Святы Айцец. Папа распавёў, што звычайна кладзецца ў ложак каля 21.00, чытае на працягу гадзіны і прачынаецца без будзільніка ў 4.00; спіць таксама пасля абеду – ад 40 хвілін да гадзіны. Апошнім часам па вечарах Пантыфік чытае працы вялікага духоўнага настаўніка св. Сілуана Афонскага — манаха Канстанцінопальскага Патрыярхату рускага паходжання. Святы Айцец вельмі чуллівы да болю людзей: пакутаў мігрантаў, вязняў, хрысціян, якія падвяргаюцца пераследу за веру, хваробаў дзяцей, выкліканых занядбаннем клопату пра навакольнае асяроддзе. «На людзях я не плачу. Два разы я быў на мяжы гэтага, але здолеў сябе спыніць», — прызнаўся Пантыфік. Папа Францішак расказаў, што мае страх перад фізічным болем, што, магчыма, з’яўляецца наступствам аперацыі на лёгкіх, якую перанёс у 19-гадовым узросце. У 1990 г. ён паабяцаў Маці Божай не глядзець тэлевізар, што робіць да сённяшняга дня. Нават з турнірнай табліцай аргенцінскага футбольнага чэмпіянату Пантыфіка знаёміць адзін з швейцарскіх гвардзейцаў. Напрыканцы інтэрв’ю Папа прызнаўся, што марыць, каб яго запомнілі чалавекам, які спрабаваў рабіць дабро. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |