Папа да духавенства ў Сараеве: “Не забывайце сведчання папярэднікаў і вядзіце жыццё, годнае крыжа Езуса” | Друк |
Святы Айцец
06.06.2015 22:58

6 чэрвеня ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Сараеве Папа Францішак сустрэўся з духавенствам Босніі і Герцагавіны. На пачатку Пантыфік выслухаў сведчанні святара, законніка і законніцы, якія падчас грамадзянскай вайны падвергліся жудасным прыніжэнням і катаванням, але не здрадзілі Касцёлу і Хрысту, не паддаліся спакусе помсты і не згубілі здольнасці любіць і прабачаць.

Звяртаючыся да сабраных, Папа заклікаў памятаць пра гераічнае сведчанне шматлікіх мучанікаў нядаўняга мінулага. “Народ, які губляе сваю памяць, не мае будучыні, - сказаў Пантыфік. - Вы не маеце права забыць вашу гісторыю – не для таго, каб помсціць, а каб чыніць мір”.

Святы Айцец заўважыў, што святары часам наракаюць на дробязныя праблемы: напрыклад, на боль у зубах ці адсутнасць дастатковага камфорту, скардзяцца паміж сабой на настаяцеляў, таму што ежа можа быць не вельмі смачнай. Перад абліччам такіх сітуацый Пантыфік заклікаў памятаць пра сведчанні святароў, якія яшчэ зусім нядаўна былі вымушаны выжываць у канцэнтрацыйных лагерах і падвяргацца катаванням.

“Не забывайце сведчання вашых папярэднікаў і вядзіце жыццё, годнае крыжа Езуса Хрыста”, - сказаў Папа і дадаў, што марныя законніцы, законнікі, біскупы і святары – гэта толькі карыкатура; яны непатрэбныя і забыліся аб ахвяры Езуса Хрыста.

Адначасова Святы Айцец заклікаў памятаць, што ўсе людзі з’яўляюцца дзецьмі Божымі, і нават самыя злыя здольныя на добрыя ўчынкі. “Шукайце зерне дабра”, - пажадаў Пантыфік, а таксама падкрэсліў важнасць малітвы за сем’і, каб нараджалі шмат дзяцей і каб было шмат пакліканняў.

Святары павінны несці пяшчотнасць, братэрства, прабачэнне і крыж Езуса Хрыста. Менавіта такімі іх жадае бачыць святая Маці-Касцёл – маленькімі мучанікамі і сведкамі Хрыста, побач з вялікімі, якія перажылі жахі вайны, падкрэсліў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by