Існуюць фальшывыя будаўнікі супакою, якія толькі абвяшчаюць яго на словах, а ёсць тыя, хто дзень за днём яго будуе ўласнаручна, заўважыў Папа Францішак 6 чэрвеня падчас Эўхарыстыі на стадыёне “Koševo” ў рамках аднадзённага падарожжа ў Сараева.
“Мір – гэта мара Бога, Яго задума для чалавецтва, гісторыі і ўсяго стварэння. І гэтая задума заўсёды сустракае супраціў з боку чалавека і злога”, - заўважыў Папа. Пантыфік дадаў, што зараз трывае пэўнага роду Трэцяя сусветная вайна, якая вядзецца “па частках”; а ў кантэксце глабальнай камунікацыі адчуваецца атмасфера вайны. Існуюць сілы, якія намагаюцца ствараць гэтую атмасферу, якія зацікаўлены ў сутыкненні паміж рознымі культурамі і цывілізацыямі, а таксама тыя, хто спекулююць на вайне, прадаючы зброю, лічыць Святы Айцец.
Вайна - гэта дзеці, жанчыны і пажылыя людзі ў лагерах для бежанцаў; гэта прымусовыя перасяленні; разбураныя дамы, дарогі, фабрыкі; гэта вялікая колькасць загубленых жыццяў, нагадаў Папа. Мір, па словах Пантыфіка, у першую чаргу дасягаецца дзякуючы справядлівасці: не абвешчанай, тэарэтычнай ці запланаванай, але той, якая практыкуецца ў жыцці.
Новы Запавет вучыць, што поўнае спаўненне справядлівасці – гэта любоў да іншага, як да сябе самога, нагадаў Папа і дадаў, што калі людзі прытрымліваюцца гэтай запаведзі – яны змяняюцца: пачынаюць бачыць, што асоба ці народ, які лічылі варожым, у рэальнасці мае такое самае аблічча, такое самае сэрца і душу. “Мы маем аднаго Айца ў Нябёсах. Такім чынам сапраўдная справядлівасць заключаецца ў тым, каб рабіць для іншага чалавека ці народа тое, чаго жадаем для сябе, для свайго народа”, - сказаў Пантыфік.
Папа заклікаў будаваць мір, “апранаючыся” ў лагоднасць, дабрыню, пакору, вялікадушнасць і добразычлівасць і абапіраючыся ў гэтай справе на Бога, бо мір з’яўляецца Яго дарам.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|