Абвешчана назва энцыклікі Папы Францішка аб экалогіі | Друк |
Святы Айцец
10.06.2015 16:49

10 чэрвеня была афіцыйна абвешчана назва доўгачаканай энцыклікі Папы Францішка на тэму экалогіі. Дакумент будзе называцца “Laudato si’. Пра клопат аб супольным доме”, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Прэс-службы Апостальскай Сталіцы.

“Laudato si”’(Будзь праслаўлёны) – гэта ўскліканне з паэтычнай малітвы св. Францішка Асізскага, напісанай каля 1225 г. і вядомай як “Гімн стварэнню” або “Гімн брату Сонцу”. Гэтая малітва, словамі якой святы ўзносіў хвалу Богу за прыгажосць прыроды, лічыцца першым паэтычным творам на італьянскай мове.

Энцыкліка будзе прадстаўлена 18 чэрвеня ў Ватыкане. У яе прэзентацыі прымуць удзел старшыня Папскай рады “Iustitia et pax” кардынал Пітэр Тарксан, дэлегат Экуменічнага Канстанцінопальскага Патрыярхату Мітрапаліт Пергамскі Іаан (Зізіулас), а таксама заснавальнік і кіраўнік Патсдамскага Інстытута даследвання ўплыву клімату прафесар Ганс Іахім Шэльнгубер.

Новая энцыкліка Папы Францішка стане першым дакументам такога ўзроўню, цалкам прысвечаным пытанням навакольнага асяроддзя.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by