Папа Францішак аб адносінах з Праваслаўнай Царквой і адзіным дні Пасхі | Друк |
Святы Айцец
13.06.2015 21:21

Падчас сустрэчы з удзельнікамі ІІІ Сусветных рэкалекцый для святароў 12 чэрвеня Папа Францішак выказаўся сярод іншага на тэму адносін паміж католікамі і праваслаўнымі. Святы Айцец нагадаў, што некалі “вялікімі сталіцамі Еўропы” былі Рым, Канстанцінопаль і Масква, але паміж імі ўзніклі спрэчкі.

Гэта “не лютэране спалілі Канстанцінопаль. Гэта былі мы”, заўважыў Папа. Таксама Пантыфік нагадаў пра тое, што католікі двойчы нападалі на Расію.

Як дадаў Святы Айцец, “існуе культурная напружанасць, якая сёння зноў накалілася” ва Украіне і якую “можна вырашыць толькі шляхам палітычнага дыялогу”. Папа адзначыў, што канфлікт “на паперы вырашаны Мінскімі дамоўленасцямі паміж усімі бакамі, але якія цяжка ажыцявіць на практыцы”.

Пантыфік назваў больш чым братэрскімі адносіны з Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем і распавёў, што запрашаў ганаровага лідара сусветнага праваслаўя паўдзельнічаць у прэзентацыі яго энцыклікі аб экалогіі, якая пройдзе 18 чэрвеня 2015 года ў Ватыкане. Патрыярх, аднак, не зможа гэтага зрабіць і таму вырашыў адправіць “лепшага тэолага”, Мітрапаліта Пергамскага Іаана (Зізіўласа). У самой энцыкліцы два параграфы прысвечаны Патрыярху Барталамею, “як вялікаму абаронцу стварэння”, падзяліўся Папа.

Гаворачы пра адносіны з Рускай Праваслаўнай Царквой, Пантыфік заўважыў, што меў магчымасць для камунікацыі з Патрыярхам Кірылам праз пасярэдніцтва “епіскапа, адказнага за адносіны з іншымі хрысціянамі”. Таксама Папа нагадаў, што меў добрыя адносіны з прадстаўнікамі Рускай Праваслаўнай Царквы ў Аргенціне, будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. Святы Айцец усклаў вялікія спадзяванні на Усеправаслаўны Сабор, які павінен адбыцца ў 2016 годзе.

Пантыфік нагадаў пра намаганні Патрыярха Барталамея на карысць супольнага святкавання Вялікадня паміж праваслаўнымі і паставіў у прыклад Фінляндыю, дзе праваслаўная супольнасць вырашыла святкаваць Пасху ў адзін дзень з лютэранамі, “каб не ствараць скандалу падзелу”. “Калі ўваскрэсне твой Хрыстус? Мой – на наступным тыдні: гэта скандал”, - іранічна заўважыў Папа. Святы Айцец падкрэсліў, што неабходна прыйсці да згоды ў гэтым пытанні, а супольным днём святкавання Пасхі можа быць другая нядзеля красавіка. “Каталіцкі Касцёл яшчэ з часоў Паўла VI гатовы ўстанавіць канкрэтную дату і адмовіцца ад першага сонцастаяння пасля поўні ў сакавіку”, - сказаў Папа Францішак.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by