Папа Францішак: адметнасці паміж бацькамі спрыяюць развіццю дзяцей | Друк |
Святы Айцец
15.06.2015 16:15

Рым патрабуе маральнага і духоўнага адраджэння, што з’яўляецца заданнем новых пакаленняў, сказаў Папа Францішак, звяртаючыся да ўдзельнікаў Дыяцэзіяльнага кангрэсу Рымскай дыяцэзіі, у адкрыцці якога прыняў удзел 14 чэрвеня. Форум на тэму перадачы веры ў сям’і будзе праходзіць да 16 чэрвеня.

У сваёй прамове Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу на ролю сем’яў у супрацьстаянні “ідэалагічнай каланізацыі, якая атручвае душы”. Пантыфік заклікаў памятаць, што натуральныя адметнасці паміж мужам і жонкай у сям’і спрыяюць развіццю дзіцяці. “Сужэнцам я заўсёды кажу, што жонкі робяць сваіх мужоў у большай меры мужчынамі, а мужы – робяць сваіх жонак у большай меры жанчынамі”, - сказаў Папа. Пантыфік падкрэсліў таксама, што “маці з’яўляюцца больш чуллівымі да адных аспектаў, а таты – да іншых”, і “гэтыя адметнасці неабходна захоўваць і бараніць”.

Святы Айцец звярнуўся таксама да людзей, якія не здолелі захаваць сваё сужэнства. “Калі разыйдзецеся, не губляйце абавязку быцця бацькамі. Не кажыце кепска адно пра аднаго”, - сказаў Папа. Пантыфік нагадаў, што першымі ахвярамі барацьбы і нянавісці, якая можа ўзнікнуць паміж бацькамі, будуць дзеці. Прыклад любові і павагі, у сваю чаргу, дазволіць ім расці ў атмасферы любові, шчасця і бяспекі, адзначыў Папа.

“Для дзіцяці не існуе лепшага ўроку і сведчання, чым бачыць, як бацькі пяшчотна любяць, паважаюць адно аднаго, наколькі яны ветлівыя паміж сабой і як узаемна прабачаюць: гэта тое, што напаўняе радасцю і сапраўдным шчасцем сэрцы дзяцей”, - дадаў Пантыфік.

Напрыканцы Папа нагадаў пра каштоўнасць бабуль і дзядуляў. “Яны захавалі веру ў многіх краінах, дзе было забаронена практыкаваць рэлігію, яны вучылі дзяцей малітвам”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што бабулі і дзядулі ў сям’і – сапраўднае багацце.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by