Папа Францішак сустрэўся са «светам працы» ў Турыне | Друк |
Святы Айцец
21.06.2015 19:45

Сказаць радыкальнае “не” эканоміцы адчужэння, ідалапаклонству грошай, карупцыі, несправядлівасці і насіллю заклікаў Папа Францішак падчас сустрэчы са “светам працы” – рабочымі, фермерамі і прадпрымальнікамі – у Турыне. 21 чэрвеня Пантыфік прыбыў у гэты італьянскі горад з двухдзённым візітам, прымеркаваным да заканчэння дэманстрацыі Турынскай плашчаніцы.

На сустрэчы, якая адбылася на Каралеўскай плошчы горада, прысутнічалі некалькі тысяч чалавек.

Папа заклікаў да развіцця эканамічнай мадэлі, якая будзе арганізавана ў залежнасці не ад капіталу і вытворчасці, але ад агульнага дабра. Пантыфік моцна падкрэсліў, што маладыя людзі – гэта будучыня грамадства. “Праца патрэбна не толькі для эканомікі, але і для чалавека, для яго годнасці, яго грамадскага жыцця і сацыяльнай інтэграцыі”, - нагадаў Святы Айцец.

Пантыфік звярнуў увагу і на праблему вымушаных мігрантаў. “Іміграцыя павышае канкурэнцыйнасць, але нельга вінаваціць імігрантаў, паколькі яны з’яўляюцца ахвярамі несправядлівасці, гаспадаркі, якая адчужае, і войнаў”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што сучасны крызіс мае глабальны і комплексны характар, і тут нельга разлічваць толькі на нейкае “ажыўленне” эканомікі. Менавіта таму Папа прапанаваў распрацаваць новую эканамічную мадэль, у падставе якой ляжыць агульнае дабро. Пантыфік заклікаў таксама да моцнай абароны правоў жанчын, таму што яны нясуць цяжар па доглядзе за домам, дзецьмі і пажылымі людзьмі і да гэтага часу падвяргаюцца дыскрымінацыі, у тым ліку на працоўным месцы.

Папа выказаў спадзяванне, што Турын зноў, як некалі, стане галоўным героем новай эры эканамічнага і сацыяльнага развіцця, з яго традыцыйнай рамеснай вытворчасцю ў спалучэнні з навуковымі даследаваннямі і інавацыямі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by