Эквадор прывітаў Папу Францішка | Друк |
Святы Айцец
06.07.2015 13:51

“Святы Ойча – вітаем дома!” - такімі словамі Папу Францішка прывітаў Прэзідэнт Эквадора 5 ліпеня падчас цырымоніі сустрэчы ў аэрапорце Кіта. У 14.45, пасля амаль 13-гадзіннага палёту, аэробус “Alitalia”, які носіць імя “Pietro della Francesca”, прызямліўся ў Міжнародным аэрапорце “Mariscal Sucre”.

На борт увайшлі, каб павітаць Святога Айца, Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Джакама Атанэла і кіраўнік пратаколу Эквадора. Ля трапу Пантыфіка вітаў Прэзідэнт краіны Рафаэль Карэа і яго жонка. Тут прысутнічалі біскупы, а таксама маладыя прадстаўнікі народа індзейцаў у сваёй традыцыйнай вопратцы. Затым моладзевы аркестр выканаў дзяржаўныя гімны, адбылася прэзентацыя ганаровай варты, былі прадстаўлены дэлегацыі.

Вітаючы Святога Айца, Прэзідэнт Рафаэль Карэа падкрэсліў, што яго радзіма – гэта краіна, якая любіць і шануе жыццё з моманту зачацця, абараняе сям’ю. Нагадваючы, што 20% яе паверхні займаюць запаведнікі і нацыянальныя паркі, прэзідэнт адзначыў, што з экалагічнага пункту гледжання гэта рай, і дадаў, што тут жыве 14 карэнных народаў, Эквадор з’яўляецца шматнацыянальнай і поліэтнічнай дзяржавай.

Эквадорскі лідар рэзка раскрытыкаваў сацыяльную няроўнасць, якая супярэчыць хрысціянскаму сацыяльнаму вучэнню і з’яўляецца крыніцай канфліктаў, супярэчыць годнасці чалавека. Ён адзначыў, што няроўнасць мае сістэмны характар. Палітык дадаў, што палітыка і эканоміка павінны служыць жыццю, і спаслаўся на трагедыю эміграцыі, лепшым адказам на якую з’яўляецца стварэнне такіх умоў, каб ніводзін чалавек не быў вымушаны эміграваць. Карэа падкрэсліў ролю Касцёла ў клопаце пра самых бедных, спасылаючыся на постаць арцыбіскупа Оскара Арнульфа Рамэра, абвешчанага нядаўна благаслаўлёным, і арцыбіскупа Элдэра Камару, прадстаўніка “Касцёла бедных” на Другім Ватыканскім Саборы і бясстрашнага абаронцу правоў чалавека ў перыяд ваеннай дыктатуры ў Бразіліі 1964-1985 гадоў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by