Пра неабходнасць падтрымкі сем’яў і сапраўдны “грамадскі доўг” перад гэтым інстытутам гаварыў Папа Францішак падчас Эўхарыстыі, якую ўзначаліў 6 ліпеня ў парку “Samanes” у эквадорскім Гуаякіль.
Сям’я – гэта грамадскае багацце, якога не здольныя замяніць іншыя інстытуты, падкрэсліў Пантыфік у гэтым найбуйнейшым у Эквадоры горадзе і асноўным гандлёвым порце краіны.
У гаміліі, якая некалькі разоў перарывалася апладысментамі, Святы Айцец спаслаўся на Евангелле аб вяселлі ў Кане Галілейскай. Папа адзначыў, што яно паўтараецца “ў кожным пакаленні, кожнай сям’і, у кожным і кожным з нас, тых, хто хоча, каб яго сэрца магло абаперціся на любоў трывалую, плённую і радасную”.
Пантыфік нагадаў, што віно – знак радасці, любові, шчодрасці, і адзначыў, што ў шматлікіх выпадках адсутнасць гэтых рысаў можна заўважыць сёння ў падлеткаў і маладых людзей, адзінокіх і сумных жанчын, пажылых асобаў. “Адсутнасць віна можа быць вынікам адсутнасці працы і прысутнасці хваробы, цяжкіх сітуацый, з якімі сутыкаюцца нашы сем’і”, - сказаў Папа і ўказаў на важнасць няспыннай малітвы, якая “выцягвае нас са сферы нашых трывог і дапамагае пераадолець тое, што прычыняе нам боль; яна падахвочвае нас ці нават змушае звярнуцца да нашых бліжніх, унікнуць у іх сітуацыю, “прымераць на сябе іх абутак””.
Пантыфік падкрэсліў неабходнасць “служэння”, што з’яўляецца крытэрыем сапраўднай любові, якой мы вучымся асабліва ў сям’і; назваў сям’ю “бліжэйшым шпіталем, першай школай для дзяцей, неабходным пунктам спасылкі для моладзі, лепшым сховішчам для пажылых людзей”.
Святы Айцец нагадаў пра Сінод Біскупаў на тэму сям’і, які пройдзе ў кастрычніку ў Рыме, і падкрэсліў, што яго мэтай з’яўляецца праўдзівы духоўны пошук і адшуканне канкрэтных рашэнняў для многіх складаных і важных выклікаў.
Узгадваючы незадаволенасць гасцей у Кане Галілейскай, калі лепшае віно – перамененае Езусам – прынеслі ў другую чаргу, Папа адначыў, што “лепшае віно надыходзіць для кожнага чалавека тады, калі ён бярэ на сябе рызыку любіць”. “Яно надыходзіць, нягледзячы на тое, што ўсе дадзеныя і статыстыка кажуць інакш. Лепшае віно прыйдзе да тых, хто сёння бачыць, што ўсё развальваецца. Шэпчучы гэтыя словы, трэба ў іх верыць: лепшае віно яшчэ наперадзе – і паўтараць іх тым, хто страціў надзею і не адчувае любові”, - сказаў Пантыфік і падкрэсліў, што Бог заўсёды прыходзіць да “тых, каму не хапіла віна, якія павінны піць толькі бедствы”.
Пасля Эўхарыстыі Папа накіраваўся ў езуіцкі калегіум “Javier”, дзе паабедаў з сваімі субратамі, а адтуль адправіўся ў аэрапорт, каб самалётам вярнуцца ў Кіта.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|