“Праходзіць, змоўкні, смялей, уставай”, - гэтыя словы з евангельскага ўрыўка пра Бартымэя (Мк 10, 46-52) сталі падставай прамовы Папы Францішка да 4 тыс. балівійскіх святароў, законнікаў і семінарыстаў. 9 ліпеня Пантыфік сустрэўся з імі ў салезіянскай гімназіі ў Санта-Крус-дэ-ла-Сьера.
Спачатку Святы Айцец засяродзіўся на слове “праходзіць” і нагадаў, што яно гучыць як рэха абыякавасці, калі праходзяць міма праблем іншых, мяркуючы, што яны нас не датычацца, – гэта спакуса прызвычаіцца да людскога болю і несправядлівасці. Сюды, дадаў Пантыфік, упісваецца і слова “змоўкні”, якім некаторыя хрысціяне рэагуюць на праблемы людзей, загадваючы ім: не перашкаджай, не адцягвай маёй увагі. На думку Папы, такая пастава - гэта драма ізаляцыі сумлення людзей, якія думаюць, што жыццё Езуса толькі для тых, хто лічыць сябе падрыхтаванымі. Кажучы пра “смеласць”, Пантыфік адзначыў, што Езус, пачуўшы крык сляпога жабрака, выходзіць з ананімнасці натоўпу, каб усталяваць з ім асабісты кантакт, атаясамліваецца з ім, жадаючы ўдзельнічаць у жыцці гэтага чалавека, жадаючы падзяліць з ім долю і, такім чынам, павольна аднавіць яго годнасць, якую той страціў.
Папа падкрэсліў, што спачуванне – гэта не зэпінг; яно не азначае замоўчвання болю, наадварот – гэта правільная логіка любові. “Гэта логіка, якая арыентуецца не на страх, а на свабоду, якая нараджаецца ад любові і ставіць карысць іншага вышэй за ўсё астатняе. Гэта логіка, якая выцякае з адсутнасці страху пры набліжэнні да болю нашага народа”, - патлумачыў Пантыфік святарам і законнікам. Папа дадаў, што духоўныя асобы не з’яўляюцца прадстаўнікамі ідэалогіі, нейкага правіла, спосабу заняцця тэалогіяй, але сведкамі “вылячальнай і міласэрнай любові Езуса”.
Святы Айцец заклікаў духавенства не паддавацца абыякавасці зэпінгу і заставацца сведкамі міласэрнасці: “Не таму, што мы ўнікальныя, не таму, што мы лепшыя, не таму, што мы функцыянеры Бога, але толькі таму, што мы з’яўляемся ўдзячнымі сведкамі міласэрнасці, якая нас перамяняе”.
“Мы не адны на гэтым шляху. Мы дапамагаем адзін аднаму прыкладам і малітвай”, - сказаў на заканчэнне Папа і прывёў прыклад святых і благаслаўлёных, якія з’яўляюцца для кожнага стымулам.
Сабраныя разам памаліліся “Ойча наш”, а затым Папа ўдзяліў благаслаўленне.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|