Папа Францішак прыбыў у Парагвай | Друк |
Святы Айцец
11.07.2015 12:47

10 ліпеня Папа Францішак прыбыў у Парагвай, пачаўшы апошні этап свайго 8-дзённага падарожжа ў Лацінскую Амерыку. Раней Пантыфік наведаў Эквадор і Балівію. У міжнародным аэрапорце ў Асунсьён Святога Айца прывітаў падчас праліўнага дажджу Прэзідэнт краіны Мануэл Картес Хара.

Цырымонія прывітання была вельмі святочнай і мела амаль сямейны характар. Калі самалёт італьянскай авіякампаніі “Alitalia” прызямліўся ў аэрапорце, на борт увайшлі Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Антоніо Арыёцці і кіраўнік пратаколу мясцовага ўраду. Ля трапа Святога Айца вітаў кіраўнік дзяржавы, пасля чаго Папа і Прэзідэнт разам з суправаджаючымі перайшлі ў сярэдзіну аэрапорта, дзе пачалася ўрачыстая цырымонія прывітання.

Хор дзяцей, апранутых у белае адзенне, праспяваў гімны абедзвюх краін, прычым парагвайскі быў спяваны на мове гуарані, а ватыканскі па-іспанску. Затым іншы дзіцячы хор спяваў песні пра Езуса. Быў паказаны кароткі дакументальны фільм пра прыбыццё 16 мая 1988 г. у Парагвай св. Яна Паўла ІІ. Тады таксама ішоў дождж. Пасля праекцыі фільма Папа Францішак благаславіў табліцу, прысвечаную гэтаму візіту.

Далей была прадстаўлена мастацкая пастаноўка, якая паказвала ў выглядзе танцаў нарыс гісторыі гэтай краіны. У інсцэнізацыі былі выкарыстаны як індыйскія матывы, так і ўзятыя з іспанскай культуры, якія ўкараніліся ў мясцовай традыцыі.

Пасля мастацкай часткі, якая стала навізной у параўнанні з ранейшымі этапамі гэтага падарожжа, Папа і Прэзідэнт прывіталіся з прысутнымі ў аэрапорце біскупамі і членамі ўраду. Святы Айцец адправіўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Асунсьён, якая будзе яго рэзідэнцыяй падчас прабывання ў гэтай краіне.

У 18.00 па мясцовым часе Святы Айцец прыбыў з візітам ветлівасці ў Прэзідэнцкі палац у Асунсьён. Кіраўнік дзяржавы Мануэль Орас Картес Хара прывітаў Папу ля ўваходу да Ганаровага Парка і суправаджаў да Прэзідэнцкага палаца, дзе адбылася прыватная сустрэча. Папа падпісаў Залатую Кнігу, затым Прэзідэнт прадставіў яму сваю сям’ю. Падчас абмену падарункамі Пантыфік падарыў Прэзідэнту копію мазаікі “Mater Ecclesiae”, якую св. Ян Павел ІІ пасля замаху на яго жыццё 13 мая 1981 г. казаў павесіць на сцяне Апостальскага палаца так, каб была бачнай ад плошчы св. Пятра. Яна з’яўляецца знакам мацярынскай апекі Марыі над Рымскім Пантыфікам і Касцёлам.

Затым Прэзідэнт і Папа прыбылі ў сад, дзе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі органаў улады і дыпламатычнага корпуса.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by