Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы: візіт Папы ў парагвайскі санктуарый – рэабілітацыя народнай пабожнасці | Друк |
Святы Айцец
13.07.2015 14:13

Візіт Папы ў парагвайскі санктуарый Маці Божай у Каакупэ – свайго роду рэабілітацыя народнай пабожнасці, значэнне якой у апошнія дзесяцігоддзі ў некаторых асяроддзях Касцёла было моцна заніжана, лічыць кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі, які суправаджаў Пантыфіка падчас яго лацінаамерыканскага падарожжа.

“Папа вельмі шануе народную пабожнасць. Часам тэолагі і інтэлектуалы лічаць, што з ёй звязана небяспека сентыменталізму і забабонаў. Але Папа Францішак, дзякуючы свайму вялікаму вопыту і блізкасці да народа, разумее ўсю глыбіню народнай пабожнасці і яе ролю ў актывізацыі веры. Бо ў ёй жывым, поўным і інтэгральным чынам выяўляецца жывая вера чалавека. І не толькі выяўляецца, але таксама ўключае пачуцці, розныя сродкі выразу, культуру, фарміруе культуру народа і яго гісторыю”, - сказаў а. Ламбардзі.

Святар дадаў, што лічыць візіт у санктуарый Каакупэ 11 ліпеня адным з самых важных момантаў гэтага падарожжа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by