У летні перыяд працягваецца папская дапамога бедным | Друк |
Святы Айцец
04.08.2015 15:04

Папа Францішак не перастае падтрымліваць бедных. “Пры гэтым гарачым надвор’і колькасць бедных узрасла”, - паведаміў Папскі элемазінарый арцыбіскуп Конрад Краеўскі.

Кіраўнік ведамства, якое займаецца дабрачыннасцю ад імя Пантыфіка, асабіста каардынуе ватыканскую дзейнасць на карысць бедных. Арцыбіскупу дапамагаюць валанцёры з ліку сясцёр Місіянерак міласэрнасці Маці Тэрэзы і швейцарскіх гвардзейцаў.

Ужо на працягу некалькіх месяцаў пад каланадай плошчы св. Пятра дзейнічаюць душавыя, у якіх кожны дзень мыюцца каля 140 бяздомных. Імі можна карыстацца практычна на працягу ўсяго дня. Душавыя зачыняюцца толькі ў першай палове дня серады, паколькі ў Ватыкане праходзяць агульныя аўдыенцыі з удзелам вялікай колькасці вернікаў, і ў паўднёвыя гадзіны ў нядзелю, калі на ватыканскай плошчы адбываецца малітва “Анёл Панскі”.

У Рыме многія бясплатныя сталоўкі для бедных у летні перыяд зачыняюцца. Таму кожны дзень Папскі элемазінарый і яго супрацоўнікі дастаўляюць харчаванне для бяздомных на галоўныя рымскія вакзалы “Тэрміні” і “Цібурціна”, а таксама ў іншыя месцы, дзе гэта неабходна. Прадукты купляюцца за ахвяры, зробленыя вернікамі падчас замовы пергаментаў з папскім благаслаўленнем. Хоць Аддзел Апостальскай Дабрачыннасці, які займаецца гэтым, закрыты з 14 па 23 жніўня на летні перапынак, папская дапамога для бедных у гэты перыяд не спынялася, паведаміў арцыбіскуп Краеўскі Ватыканскаму радыё.

Папскі элемазінарый падзяліўся таксама, што ў Ватыкане, побач з яго штаб-кватэрай, быў змешчаны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, якую тут ужо абвясцілі апякункай “ватыканскіх” бедных.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by