Папа заклікаў да ўдзелу ў святкаванні Дня малітвы аб ахове стварэння |
| Друк | |
Святы Айцец
|
26.08.2015 11:58 |
Папа Францішак заклікаў вернікаў прыняць актыўны ўдзел у святкаванні
Сусветнага дня малітвы аб ахове стварэння, які будзе адзначацца 1
верасня. «У малітоўным адзінстве з нашымі братамі праваслаўнымі і ўсімі
людзьмі добрай волі мы жадаем зрабіць уласны ўнёсак у пераадоленне
экалагічнага крызісу, які перажывае чалавецтва», – сказаў Пантыфік на
агульнай аўдыенцыі 26 жніўня.
Святы Айцец заўважыў, што ініцыятывы Сусветнага дня, на міжнародным і мясцовым узроўнях, накіраваны, перш за ўсё, на тое, каб сучасны чалавек прыняў адпаведны стыль жыцця, які адзначаецца павагай да навакольнага асяроддзя.
Папа заклікаў рымскіх вернікаў і пілігрымаў прыняць удзел у набажэнстве ў інтэнцыі абароны стварэння, якое пройдзе вечарам 1 верасня ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане.
1 верасня абвясціў Сусветным днём малітвы аб ахове стварэння сам Папа Францішак. Ён будзе адзначацца ў Касцёле штогод. Устанаўленне гэтага дня з’яўляецца вынікам выдання прысвечанай праблемам экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя энцыклікі «Laudato sì», абнародаванай 24 мая.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|