Неабходна спрыяць «атмасферы даверу паміж ізраільцянамі і палесцінцамі», а таксама «аднавіць прамыя перамовы, каб дасягнуць пагаднення, якое будзе паважаць законныя памкненні абодвух народаў», гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Прэс-службы Апостальскай Сталіцы аб змесце размовы Папы Францішка з Прэзідэнтам Ізраіля Рэўвенам Рыўлінам.
3 верасня Святы Айцец прыняў палітыка на аўдыенцыі ў Ватыкане. Галоўнай тэмай іх размовы была праблема міру на Блізкім Усходзе, з асаблівай увагай да становішча хрысціян і іншых меншасцяў. Адзначалася «важнасць міжрэлігійнага дыялогу і адказнасці рэлігійных лідараў за спрыянне прымірэнню і згодзе».
Бакі абмеркавалі таксама адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Дзяржавай Ізраіль. У гэтым кантэксце было выказана пажаданне хутчэйшай падрыхтоўкі двухбаковага пагаднення і належнага вырашэння некаторых пытанняў, што ўяўляюць супольную цікавасць, сярод якіх сітуацыя хрысціянскіх школ у краіне.
Прэзідэнт Ізраіля падараваў Святому Айцу копію фрагмента базальтавай пліты, на якой упершыню, пасля Бібліі, узгадваецца імя караля Давіда. Арыгінал гэтай археалагічнай знаходкі захоўваецца ў Ерузалемскім музеі. На спецыяльнай таблічцы пад артэфактам змешчаны ўрывак са 122 псальма: «Прасіце міру для Ерузалема». Звяртаючыся да Папы, Рэўвен Рыўлін падкрэсліў, што яго падарунак нагадвае аб супольных каранях хрысціянства і юдаізма.
Папа ўручыў палітыку бронзавы медальён з выявай скалы, падзеленай на дзве часткі, якія трымае разам аліўкавая галіна, што расце са шчыліны. «Калі ёсць падзел, выклікам з’яўляецца адзінства», - адзначыў Пантыфік. На медальёне змешчаны надпіс: «Шукаць тое, што аб’ядноўвае, пераўзыходзіць тое, што дзеліць». «Гэта парада», - сказаў Святы Айцец.
Пасля сустрэчы з Папам Рэўвен Рыўлін паразмаўляў таксама з Дзяржаўным Сакратаром Яо Святасці кардыналам П’етро Паралінам і сакратаром па адносінах з дзяржавамі арцыбіскупам Полам Галахерам.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|