Папа Францішак прыбыў на Кубу — у першы пункт свайго дзясятага Апостальскага падарожжа, якое праз некалькі дзён працягнецца ў ЗША. Падчас афіцыйнай цырымоніі прывітання ў міжнародным аэрапорце «Jose Marti» Пантыфік скіраваў цёплыя словы ўсім кубінцам, уключаючы тых, «якія раскінуты па свеце».
Папа падзякаваў Прэзідэнту Кубы Раулю Кастра за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтай пілігрымкі і папрасіў перадаць яго брату Фідэлю «пачуцці шчырай павагі і пашаны».
Святы Айцец нагадаў, што сёлета адзначаецца 80-я гадавіна ўстанаўлення бесперапынных дыпламатычных адносін паміж Кубай і Апостальскай Сталіцай, а таксама ўзгадаў пра «незабыўныя» візіты на востраў сваіх папярэднікаў: св. Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI. «Я ведаю, што ўспамін аб іх абуджае ўдзячнасць і любоў у народа і ўладаў Кубы, — сказаў Папа. — Зараз мы жадаем аднавіць гэтыя сувязі супрацоўніцтва і сяброўства, каб Касцёл надалей спадарожнічаў і ўмацоўваў кубінскі народ у яго надзеях і турботах, у свабодзе і з усімі неабходнымі сродкамі для нясення паслання аб Валадарстве аж да экзістэнцыйных перыферый грамадства».
Папа заўважыў, што яго Апостальскае падарожжа супала з сотай гадавінай абвяшчэння Маці Божай Міласэрнасці з Эль Кобрэ Апякункай Кубы. «У гэтыя дні я буду мець магчымасць прыбыць у Эль Кобрэ як сын і пілігрым, каб прасіць нашу Маці за ўсіх Яе кубінскіх дзяцей і за гэтую ўмілаваную краіну, каб крочыла шляхамі справядлівасці, міру, свабоды і еднасці», — сказаў Пантыфік.
Па словах Папы, улічваючы геаграфічнае месцазнаходжанне Кубы, яе можна лічыць «ключом» паміж Поўначчу і Поўднем, Захадам і Усходам. «Натуральнае пакліканне» Кубы заключаецца ў тым, каб быць «месцам сустрэчы, каб усе людзі прыходзілі да сяброўства», адзначыў Пантыфік і нагадаў заклік св. Яна Паўла ІІ, каб «Куба, з усімі сваімі цудоўнымі магчымасцямі, адкрылася на свет і каб свет адкрыўся на Кубу».
Каментуючы нармалізацыю адносін паміж Кубай і ЗША, Святы Айцец падкрэсліў, што гэта з’яўляецца знакам перамогі культуры сустрэчы і дыялогу над культурай канфрантацыі. Папа заклікаў палітычных лідараў «працягваць крочыць гэтым шляхам і працаваць на карысць міру і дабрабыту сваіх народаў, усёй Амерыкі і ў якасці прыкладу прымірэння для ўсяго свету».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|