Папа Францішак сустрэўся з Фідэлем Кастра |
| Друк | |
Святы Айцец
|
21.09.2015 15:02 |
20 верасня пасля святой Імшы ў Гаване Папа Францішак сустрэўся з былым Прэзідэнтам Кубы Фідэлем Кастра. Размова ў рэзідэнцыі пажылога палітыка працягвалася каля 30 хвілін у цёплай і нефармальнай атмасферы.
На сустрэчы прысутнічала таксама жонка Фідэля Кастра і іншыя члены яго сям’і. Пантыфік прыбыў у суправаджэнні Апостальскага Нунцыя на Кубе арцыбіскупа Джорджыо Лінгвы, распавёў журналістам кіраўнік Прэс-службы Святога Пасаду а. Фэдэрыко Ламбардзі.
Папа Францішак падарыў лідару кубінскай рэвалюцыі некалькі кніг італьянскага святара кс. Алясандро Пранцата аб гумары і веры, асобнікі сваёй апошняй энцыклікі «Laudato si’» і Апостальскай адгартацыі «Evangelii Gaudium», а таксама некалькі кампакт-дыскаў з разважаннямі айца езуіта Арманда Льарэнтэ, былога настаўніка Фідэля Кастра.
У сваю чаргу Фідэль Кастра падарыў Святому Айцу кнігу «Фідэль і рэлігія» Фрэя Бэта, падпісаную: «Папу Францішку з нагоды яго візіту на Кубу з захапленнем і павагай ад кубінскага народа». Былы Прэзідэнт задаў Пантыфіку некалькі пытанняў, у прыватнасці аб абароне навакольнага асяроддзя і актуальнай сітуацыі ў свеце.
Фідэль Кастра ўжо сустракаўся са св. Янам Паўлам ІІ у 1996 і 1998 гг. і з Бэнэдыктам XVI у 2012 г.
У другой палове дня ў Прэзідэнцкім палацы ў Гаване Папа Францішак сустрэўся з цяперашнім кіраўніком дзяржавы Раулем Кастра. Іх размова працягвалася каля 50 хвілін. Напрыканцы сустрэчы адбыўся традыцыйны абмен падарункамі: Святы Айцец падарыў кубінскаму лідару мазаіку Маці Божай Міласэрнасці з Эль-Кобрэ, а Прэзідэнт падарыў Пантыфіку вялікі драўляны крыж.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|