Папа заклікаў кубінцаў быць адкрытымі на іншых і гатовымі да служэння | Друк |
Святы Айцец
22.09.2015 16:56

22 верасня Папа Францішак узначаліў Эўхарыстыю ў санктуарыі Маці Божай Міласэрнасці дэль-Кобрэ на Кубе. У гаміліі Пантыфік разважаў пра евангельскае апавяданне аб наведзінах Марыяй Яе пажылой і цяжарнай сваячкі Альжбеты.

Прысутнасць Бога ў жыцці чалавека пастаянна падштурхоўвае да руху, адзначыў Святы Айцец. Так здарылася і з Марыяй – калі пачула, што стане маці Збаўцы, Яна не чакала, пакуль людзі прыйдуць, каб служыць Ёй, але сама «выйшла з дому і пайшла служыць», сказаў Пантыфік.

Марыя, дадаў Папа, была жанчынай, якая наведвала многіх, дзяцей і пажылых людзей, юнакоў і дзяўчат, а таксама народы, пасярод драматычных сітуацый іх гісторыі. Яна ахоўвала ўсіх, хто пакутаваў, «баронячы правы сваіх дзяцей», а сёння «не перастае несці нам слова жыцця, свайго Сына», адзначыў Святы Айцец.

Па словах Папы, Куба «нарадзілася і ўзрастала ў цеплыні пашаны да Панны Міласэрнасці», і гэта Марыя «надала ўласную і асаблівую форму кубінскай душы», нараджаючы ў сэрцы мясцовага насельніцтва «лепшыя ідэалы любові да Бога, сям’і і Радзімы». Пантыфік заўважыў, што боль і нястача, якія выпалі на долю кубінскага народа, не змаглі згасіць яго веры; яна падтрымлівалася шматлікімі бабулямі, маці і многімі іншымі людзьмі, якія сталі «знакам наведзінаў, адвагі, веры» для сваіх унукаў і сем’яў.

Пантыфік заклікаў кубінцаў да «абнаўлення веры», перажывання сапраўднай «рэвалюцыі пяшчоты», «выйсця з дому» з вачыма і сэрцамі, адкрытымі на іншых і гатовымі да служэння.

«Як Марыя, мы хочам быць Касцёлам, які служыць, які выходзіць з дому, са сваіх святынь, сакрыстый, каб суправаджаць жыццё, падтрымліваць надзею, быць знакам адзінства. Як Марыя, Маці Міласэрнасці, мы хочам быць Касцёлам, які выходзіць з дому, каб будаваць масты, разбураць муры, сеяць прымірэнне. Як Марыя, мы хочам быць Касцёлам, здольным суправаджваць ва ўсіх “складаных” сітуацыях наш народ, задзейнічаным у жыцці, культуры, грамадстве, які не хаваецца, але крочыць з нашымі братамі», — сказаў Папа.

Пасля Імшы ў санктуарыі Маці Божай Міласэрнасці дэль-Кобрэ Пантыфік накіраваўся ў катэдральны касцёл Сант’яга-дэ-Куба на сустрэчу з кубінскімі сем’ямі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by