Папа Францішак кананізаваў «апостала Каліфорніі» | Друк |
Святы Айцец
24.09.2015 12:50

23 верасня ў катэдральным касцёле Вашынгтона ў межах свайго візіту ў ЗША Папа Францішак кананізаваў благаслаўлёнага Хуніпера Сьеры, іспанамоўнага місіянера-францішканіна, заснавальніка каталіцкіх місій на тэрыторыі сучаснай Каліфорніі.

У гаміліі Пантыфік заўважыў, што дух гэтага свету заклікае да канфармізму, але радасць хрысціяніна заключаецца ў выкананні паслання Хрыста: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле». Папа заклікаў абвяшчаць Добрую Навіну без страху, забабонаў, высакамернасці і пурызму ў адносінах да тых, хто згубіў радасць жыцця.

Па словах Святога Айца, місія ніколі не нараджаецца ад дасканала распрацаванай праграмы ці добра структураванага падручніка, але ад жыцця, «ад адзінага ці шматразовага досведу намашчэння міласэрнасцю Бога».

«Божы народ здольны праходзіць пыльнымі дарогамі гісторыі, часта пазначанымі канфліктамі, несправядлівасцю і насіллем, каб ісці наперад і знаходзіць сваіх дзяцей і братоў», — адзначыў Папа і дадаў, што Божы народ баіцца не памыліцца, а закрыцца ў сабе, стаць элітарным, прывязаным да ўласнай бяспекі. «Ён ведае, што закрытасць, у сваіх шматлікіх формах, — гэта прычына глыбокай апатыі», — падкрэсліў Святы Айцец.

Сённяшнія вернікі з’яўляюцца спадкаемцамі мужнага місійнага духу шматлікіх асобаў, што не жадалі «закрывацца ў структурах, якія давалі фальшывае пачуццё бяспекі», у той час як вонкі было мноства прагнучага народу, падкрэсліў Пантыфік. Адным з такіх людзей быў св. Хуніпера Сьера, які пакінуў уласную зямлю, звычкі, меў адвагу адкрыць новыя шляхі, каб ісці насустрач многім людзям з павагай да іх традыцыі і адметнасцяў, сказаў Папа.

На заканчэнне гаміліі Пантыфік нагадаў, што дэвізам св. Хуніпера Сьеры былі словы: «Заўсёды наперад». Папа заклікаў вернікаў наследаваць францішканіна і заўсёды ісці туды, дзе чакаюць Бог і браты.

Пасля Эўхарыстыі Пантыфік здзейсніў кароткі візіт у семінарыю св. Яна Паўла ІІ у Вашынгтоне, а затым накіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру, якая стала яго рэзідэнцыяй падчас знаходжання ў горадзе.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by