28 верасня Папа Францішак завяршыў свой візіт на Кубу і ў ЗША. У самалёце на шляху ў Рым Пантыфік адказаў на пытанні журналістаў.
Сцены, узведзеныя, каб стрымаць мігрантаў, раней ці пазней падуць, сказаў Пантыфік у размове з журналістамі. Адказваючы на пытанне аб міграцыйным крызісе, Святы Айцец падзяліўся меркаваннем, што афрыканскі кантынент быў выкарыстаны багатымі краінамі. Напачатку адсюль бралі рабоў, затым прыродныя рэсурсы, цяпер тут вядуцца войны, за якімі стаяць эканамічныя інтарэсы. Замест таго, каб выкарыстоўваць гэтыя тэрыторыі, Папа заклікаў інвеставаць у іх, каб мясцовыя жыхары мелі працу.
Пантыфік падкрэсліў, што ўзвядзенне некаторымі еўрапейскімі краінамі сцяны ад мігрантаў не з’яўляецца вырашэннем існуючай сітуацыі. Неабходна быць разважлівымі, каб знайсці яго. Выхад трэба шукаць у дыялогу паміж краінамі – у будаванні не сцен, а мастоў, сказаў Папа.
Сексуальныя злоўжыванні адносна непаўналетнiх з боку духавенства Святы Айцец параўнаў з блюзнерствам. Папа падкрэсліў, што падобныя выпадкі здараюцца «паўсюль: у сям’і, па суседству, у школе, у спартыўных залах», але калі іх дапускае святар, гэта «асабліва важна», паколькі яго пакліканне заключаецца ў тым, каб весці дзіця да Бога, да эмацыйнай сталасці, да дабра. Падобныя злоўжыванні супярэчаць святарскаму пакліканню, падкрэсліў Пантыфік.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|