Папа заклікаў удзельнікаў Сінода маліцца аб міры на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы |
| Друк | |
Святы Айцец
|
09.10.2015 15:46 |
Падчас адкрыцця чацвёртай агульнай кангрэгацыі Сінода Біскупаў 9 кастрычніка Папа Францішак звярнуўся з заклікам да малітвы аб міры на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы. Святы Айцец выказаў салідарнасць з народамі краін, ахопленых
канфліктамі, і заклікаў міжнародную супольнасць прыкласці намаганні для
іх спынення.
«Мы балюча ўражаны і з вялікім хваляваннем сочым за тым, што адбываецца ў Сірыі, Іраку, Ерузалеме і на Заходнім беразе ракі Ярдан, дзе бачым эскалацыю насілля, якое ахоплівае грамадзянскае насельніцтва, нявінных і ў велізарных прапорцыях працягвае паглыбляць гуманітарны крызіс. Вайна нясе разбурэнні і памнажае пакуты народаў. Надзея і прагрэс прыходзяць толькі калі выбіраецца мір», — сказаў Папа.
Пантыфік прапанаваў сабраным у Ватыкане іерархам злучыцца ў гарачай і даверлівай малітве да Пана, каб яна стала выразам блізкасці да Патрыярхаў і біскупаў з Блізкага Усходу, іх святароў, вернікаў і ўсяго насельніцтва рэгіёна. Папа заклікаў міжнародную супольнасць выкарыстаць усе інструменты міжнароднага права і дыпламатыі для вырашэння трываючых канфліктаў. Напрыканцы свайго звароту Святы Айцец заклікаў біскупаў маліцца за пакутуючыя ад насілля народы афрыканскага кантынента.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|