Папа пра тэракты ў Парыжы: «Такога роду варварства пакідае нас у шоку» | | Друк | |
Святы Айцец |
15.11.2015 21:41 |
«Прэзідэнту Французскай Рэспублікі і ўсім грамадзянам я дасылаю выразы майго глыбокага спачування. Выказваю сваю блізкасць асаблівым чынам сем’ям тых, хто страціў жыццё і быў паранены», – сказаў Пантыфік падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» ў Ватыкане 15 лістапада. «Такога роду варварства пакідае нас у шоку і здзіўляе, як чалавечае сэрца можа нарадзіць і здзейсніць такія жудасныя рэчы, што ўзрушылі не толькі Францыю, але і ўвесь свет. Сутыкнуўшыся з гэтымі непрымальнымі актамі, нельга не асудзіць невымоўную абразу чалавечай годнасці. Я хачу моцна пацвердзіць, што шлях насілля і нянавісці не вырашыць праблем чалавецтва!» – дадаў Святы Айцец. Папа запрасіў сабраных на плошчы св. Пятра далучыцца да яго малітвы і «даверыць Божай міласэрнасці бездапаможных ахвяр гэтай трагедыі». «Дзева Марыя, Маці Міласэрнасці, няхай паселіць у сэрцах усіх думкі мудрасці і жаданне міру. Мы просім Яе бараніць і захоўваць узлюблены французскі народ, Еўропу і ўвесь свет», – сказаў Пантыфік. Да малітвы за ахвяр тэрактаў заклікаў Папа і на сваім «твітэры». «Я выказваю мой глыбокі боль з прычыны тэрактаў у Парыжы. Маліцеся са мной за ахвяр і іх сем’і», – так гучыць твіт Святога Айца. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG) |