Святы Айцец сустрэўся з лютэранамі | | Друк | |
Святы Айцец |
16.11.2015 16:19 |
Мясцовы пастар Енс-Марцін Крузэ, звяртаючыся да Пантыфіка, адзначыў, што шлях да адзінства – гэта супольная малітва і дыялог, і папрасіў Папу адказаць на пытанні некалькіх вернікаў лютэранскай супольнасці. Першае пытанне прагучала з вуснаў дзевяцігадовага Юліуса, які спытаў Святога Айца, што той любіць больш за ўсё, будучы Пантыфікам. «Мне падабаецца быць Папам у стылі пастыра», – адказаў Святы Айцец. Пантыфік прызнаўся, што яму не вельмі падабаецца праводзіць пратакольныя сустрэчы і даваць інтэрв’ю, хоць і гэта ён робіць. Папа дадаў, што любіць наведваць хворых і зняволеных. Пратэстантка, якая замужам за католікам, спытала, чаму яны не могуць разам з мужам прымаць святую Камунію. Пантыфік нагадаў, што ў лютэран і католікаў розная дактрына, але яны маюць той жа хрост. Папа прывёў у прыклад свайго сябра, іерарха Епіскапальнай Царквы, жонка якога была каталічкай. Па нядзелях той спачатку хадзіў са сваёй жонкай і дзецьмі ў каталіцкі храм, а потым узначальваў набажэнства ў сваёй супольнасці. «Размаўляйце з Панам і ідзіце наперад. Я не адважуся сказаць больш», - заключыў Святы Айцец.
Трэцяе пытанне задала казначэй парафіі, яно тычылася дапамогі бежанцам, калі рэсурсы абмежаваныя. Спасылаючыся на біблійныя тэксты, Папа Францішак патлумачыў, што ў любым выпадку нельга ўзводзіць сцен перад уцекачамі, і дадаў, што часта ў нашым жыцці багацце, марнасць і ганарыстасць становяцца сценамі, якія выключаюць з яго Бога. «Давайце размаўляць адкрыта, маліцца, служыць, і сцены разбурацца самі», - сказаў Святы Айцец. Пасля жывога дыялогу адбылося кароткае набажэнства, у ходзе якога Папа ў імправізаванай гаміліі адзначыў, што Езус падчас свайго паўторнага прыйсця будзе пытацца ў нас не пра тое, ці хадзілі мы на Імшу і ці наведвалі добрыя катэхезы, але пра наша стаўленне да бедных, таму што яны займаюць цэнтральнае месца ў Евангеллі. «Мы выкарыстоўваем сваё жыццё для сябе ці для таго, каб служыць? Абараняем сябе за сцяной ці служым з любоўю? На чыім баку мы знаходзімся – католікі і лютэране?» - спытаў Святы Айцец. Папа прызнаў, што ў адносінах паміж дзвюма канфесіямі былі «брыдкія перыяды», хоць іх паслядоўнікаў аб’ядноўвае адзін хрост, таму трэба прасіць прабачэння за скандал падзелу. Святы Айцец заклікаў католікаў і лютэран маліцца і працаваць разам. Па словах Пантыфіка, хоць «нашы дагматычныя кнігі кажуць адно, а вашы кнігі – іншае», адрозніваецца інтэрпрэтацыя веры ў дзвюх канфесіях, але мы можам жыць у паяднанай разнастайнасці. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |