Святы Айцец: Езус плача над светам, які не зразумеў шляху міру | | Друк | |
Святы Айцец |
19.11.2015 17:04 |
«Таксама і сёння Езус плача, бо мы аддалі перавагу шляху вайны, нянавісці і варожасці. Мы набліжаемся да святаў Божага Нараджэння: будуць агні, святы, ззяючыя ёлкі і яслі... усё несапраўднае, бо свет працягвае ваяваць. Свет не зразумеў шляху міру», — з жалем канстатаваў Папа. Пантыфік заўважыў, што пасля войнаў, якія вядуцца ў свеце, застануцца толькі руіны, тысячы неадукаваных дзяцей, мноства нявінных ахвяраў, а таксама вялікая колькасць грошай у кішэнях гандляроў зброяй. Святы Айцец нагадаў, што «аднойчы Езус сказаў: “Нельга служыць двум гаспадарам: ці Богу, ці багаццю”». Вайна, па словах Папы, — гэта менавіта выбар на карысць багацця: «маўляў, зробім зброю, і эканоміка крыху збалансуецца». Святы Айцец назваў праклятымі і злачынцамі людзей, якія распальваюць войны, і супрацьпаставіў ім пакорных міратворцаў, якіх Евангелле называе «шчаслівымі». «У той час, як гандляры зброяй робяць сваю справу, існуюць бедныя міратворцы, якія, толькі каб дапамагчы той ці іншай асобе, аддаюць сваё жыццё». Пантыфік узгадаў пра бл. Тэрэзу з Калькуты, якая ахвяравала сваё жыццё для бедных, проста дапамагаючы ім годна і спакойна памерці. Гэты шлях міру, аднак, застаецца незразумелым для многіх, сказаў Папа. «Было б добра таксама і нам папрасіць аб ласцы плачу над гэтым светам, які не распазнае шляху міру, які жыве, каб ваяваць, з цынізмам кажучы адваротнае. Папросім аб навяртанні сэрцаў. Менавіта на парозе гэтага Юбілею Міласэрнасці, які з’яўляецца нашай радасцю, няхай свет будзе мець ласку плачу над сваімі злачынстамі, над тым, што робіць праз войны», — заклікаў Святы Айцец на заканчэнне гаміліі. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |