Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці пра падарожжа Папы ў Афрыку |
| Друк | |
Святы Айцец
|
21.11.2015 23:58 |
Падарожжа ў Афрыку стане для Папы Францішка нагодай, каб зноў заклікаць да міру прадстаўнікоў усіх рэлігій і перасцерагчы ад выкарыстання імя Бога для апраўдання насілля, адзначыў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці кардынал П’етро Паралін 20 лістапада ў інтэрв’ю Ватыканскаму тэлебачанню.
Іерарх дадаў, што апошняе Святы Айцец лічыць блюзнерствам: гэтыя людзі не праслаўляюць Бога, але цяжкім чынам абражаюць Яго імя і Яго любоў да людзей.
У Афрыцы Пантыфік скіруе заклік да супрацоўніцтва паміж рэлігіямі ў будаванні міру, паяднання, братэрства ў свеце, падзеленым рознага кшталту канфліктамі. «Сёння рэлігіі павінны знайсці магчымасць для супольнай працы, каб дапамагчы чалавецтву стаць больш братэрскім і салідарным, перш за ўсё праз міжрэлігійны дыялог», — сказаў бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка.
Кардынал адзначыў, што сярод тэм, якія Папа будзе ўздымаць у рамках свайго візіту ў Кенію, Уганду і Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, несумненна будуць барацьба з беднасцю і абарона навакольнага асяроддзя.
Візіт Святога Айца ў Афрыку працягнецца з 25 па 30 лістапада. Гэта будзе адзінаццатае Апостальскае падарожжа Папы Францішка.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|