Папа Францішак: адукацыя павінна вучыць чалавечнасці | Друк |
Святы Айцец
23.11.2015 15:58

Адукацыя не павінна быць селектыўнай, гэта значыць даступнай толькі для тых, хто мае грошы і магчымасці, адзначыў Папа Францішак 21 лістапада падчас сустрэчы з удзельнікамі сусветнага кангрэсу выкладчыкаў, арганізаванага Кангрэгацыяй Каталіцкай Адукацыі.

Святы Айцец падкрэсліў, што прафесія настаўніка часта кепска аплочваецца, але яна грае ключавую ролю ў пашырэнні чалавечнасці ў свеце.

Паводле Папы Францішка, «нельга казаць пра каталіцкую адукацыю, не кажучы пра чалавечнасць, таму што каталіцкая ідэнтычнасць – гэта Бог, які стаў чалавекам». Выхоўваць па-каталіцку не азначае толькі праводзіць катэхізацыю; апошняя з’яўляецца толькі часткай каталіцкага выхавання, як адзначыў Святы Айцец. Папа таксама падкрэсліў, што ў каталіцкіх школах не павінна здзяйсняцца празелітызму.

Пантыфік звярнуў увагу на вялікі крызіс адукацыйнай сферы, схільнай да неапазітывізму і занядбання трасцэндэнтнасці. Па словах Папы, сёння адукацыя стала селектыўнай, даступнай не для ўсіх, нібыта права яе маюць толькі некаторыя народы, якія дасягнулі пэўнага эканамічнага ўзроўню. Гэта аддаляе іх адзін ад аднаго, а не збліжае іх, аддаляе багатых ад бедных, адну культуру ад іншай. Папа таксама заклікаў да абнаўлення адукацыйнага саюзу паміж сям’ёй і школай.

Нізкія заробкі выхавацеляў і настаўнікаў, паводле Святога Айца, могуць сведчыць аб простай незацікаўленасці дзяржаваў гэтай сферай. «Калі была б зацікаўленасць, справы б не ішлі такім чынам», — сказаў Папа.

У якасці прыкладу добрага выхавацеля Пантыфік паставіў асобу св. Яна Боско, які ў часы панавання масонства імкнуўся да «тэрміновага выхавання». Сёння існуе патрэба ў «нефармальным выхаванні», перакананы Папа, бо «фармальнае» збяднела, таму што з’яўляецца «спадчынай пазітывізму».

Святы Айцец лічыць, што неабходна вучыць дзяцей і моладзь думаць, адчуваць і рабіць; неабходна ісці на перыферыі, дзе не хапае настаўнікаў, а моладзь мае «параненую чалавечнасць». Пачынаючы з гэтых ран, павінны працаваць выхавацелі. «Гаворка не ідзе пра тое, каб ісці туды і займацца дабрачыннасцю, вучыць чытаць, даваць есці: не! Гэта неабходна, але толькі часова. Гэта толькі першы крок. Праблема, якая з’яўляецца і выклікам, заключаецца ў тым, каб ісці туды і дапамагаць узрастаць у чалавечнасці, разумнасці, у каштоўнасцях, паводзінах, каб маглі ісці наперад і несці іншым досвед, якога тыя яшчэ не пазналі», — заклікаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 
© 2003-2025 Catholic.by