Святы Айцец сустрэўся з кенійскімі палітыкамі і дыпкорпусам | | Друк | |
Святы Айцец |
26.11.2015 10:53 |
«Кенія – гэта краіна моладзі», – падкрэсліў Пантыфік. Папа Францішак заклікаў бараніць гэтую катэгорыю грамадзян, інвеставаць у яе і дапамагаць ёй. Гэта, паводле Пантыфіка, найлепшы спосаб, каб гарантаваць годную будучыню народа. Таксама і пажылыя людзі патрабуюць увагі дзяржавы да сябе, паколькі яны з’яўляюцца сэрцам і душой народа. Святы Айцец заўважыў, што Кенія адорана багатымі прыроднымі рэсурсамі. Сённяшні цяжкі крызіс навакольнага асяроддзя патрабуе ўвагі да адносін паміж людзьмі і прыродай. «Мы маем адказнасць за перадачу прыгажосці прыроды ва ўсёй яе разнастайнасці будучым пакаленням і абавязак справядлівага кіравання дарамі, якія атрымалі. Гэтыя каштоўнасці глыбока ўкаранёныя ў афрыканскай душы. У свеце, які працягвае эксплуатаваць супольны дом, замест таго, каб абараняць яго, яны павінны мабілізаваць сілы ўладаў і спрыяць адказным мадэлям эканамічнага развіцця», – сказаў Пантыфік. Папа Францішак таксама звярнуў увагу на сувязь паміж аховай навакольнага аяроддзя і будаваннем справядлівага і роўнага грамадства. У кантэксце шматлікіх этнічных, рэлігійных і эканамічных падзелаў людзі добрай волі пакліканы дзейнічаць на карысць міру і паяднання, прабачэння і аздараўлення сэрцаў, заўважыў Пантыфік. Святы Айцец заклікаў да талерантнасці і павагі да іншых, а таксама назваў будаванне супольнага дабра «першаснай мэтай». «Насілле, канфлікты і тэрарызм умацоўваюцца страхам, недаверам і дэзарыентацыяй, якія нараджаюцца па прычыне беднасці», – дадаў Пантыфік. Святы Айцец заклікаў кенійскіх палітыкаў клапаціцца пра бедных, моладзь і справядлівае размеркаванне рэсурсаў, якімі Бог адарыў іх краіну. Са свайго боку Папа Францішак паабяцаў шчодрую малітоўную падтрымку. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |