Папа Францішак нагадаў пра місійнасць Касцёла | | Друк | |
Святы Айцец |
04.12.2015 14:47 |
Святы Айцец заўважыў, што сучасны секулярызаваны свет адкрыты на евангельскія каштоўнасці любові, справядлівасці, міру і сціпласці, але не дэманструе такой адкрытасці адносна асобы Езуса: не лічыць Яго ні Месіяй, ні Сынам Божым. Ён часцей разглядае Хрыста ў якасці «натхнёнага чалавека», такім чынам аддзяляючы пасланне ад Пасланніка, дар ад Дарыцеля. Папа Францішак звярнуў увагу на тое, што галоўнай дзеючай асобай місійнай дзейнасці з’яўляецца Святы Дух, а Касцёл толькі служыць Яго задуме. «Гэта не Касцёл стварае місію, але місія стварае Касцёл, абнаўляючы яго і нанова запальваючы ў ім веру, энтузіязм, матывацыю і хрысціянскую ідэнтычнасць. Місія, такім чынам, перамяняе Касцёл знутры», – сказаў Святы Айцец. Менавіта па гэтай прычыне, паводле Папы Францішка, кожная каталіцкая супольнасць павінна прайсці гэтым шляхам. «Так Святы Дух пераменіць “нядзельных” вернікаў у вучняў, сумных вучняў у місіянераў, пазбаўляючы іх страхаў і закрытасці і накіроўваючы ўсюды, аж да краю зямлі», – падкрэсліў Пантыфік. Святы Айцец пажадаў, каб каталіцкія супольнасці са старадаўняй хрысціянскай традыцыяй чэрпалі місійны запал ад «маладых Касцёлаў», якія ў актуальным кантэксце крызісу пакліканняў здольныя не толькі прымаць, але і прапанаваць святароў, што з’яўляецца знакам «дасягнутай сталасці» і «світанкам новага дня». Пантыфік заклікаў да адданай і самаахвярнай евангелізацыйнай дзейнасці па прыкладзе апосталаў, якія, звярнуў увагу Папа Францішак, не мелі за плячыма дыкастэрыі па місійных справах. Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |