Папа: «Не існуе сапраўднага шляху да адзінства без просьбы аб прабачэнні» | Друк |
Святы Айцец
07.12.2015 00:59

7 снежня будзе адзначацца 50-годдзе знамянальнай падзеі ў гісторыі каталіцка-праваслаўных адносін. У 1965 г., перад завяршэннем Другога Ватыканскага Сабору, Папа Павел VI і Патрыярх Канстанцінопальскі Афінагор выступілі з сумеснай заявай, адмяніўшы ўзаемныя экскамунікі і даўшы пачатак актыўнаму збліжэнню паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

Аб гэтым нагадаў 6 снежня падчас сустрэчы з вернікамі на нядзельнай малітве «Анёл Панскі» Папа Францішак.

Раскол на усходніх і заходніх хрысціян у 1054 г. быў адным з самых балючых пытанняў у гісторыі Касцёла. Яго вынікамі сталі шматвяковыя ўзаемныя абвінавачванні і адсутнасць дыялогу і павагі, што на працягу амаль тысячы гадоў перашкаджала плённа сведчыць аб евангельскім пасланні. Сёння, калі вядзецца экуменічны дыялог і ідзе працэс пераасэнсавання прычын расколу, усе сыходзяцца на тым, што падзел быў вынікам, перш за ўсё, недахопу павагі і любові адзін да аднаго, асабістых амбіцый і няздольнасці весці дыялог.

Плёнам адмены ўзаемных экскамунік Паўлам VI і Афінагорам стала традыцыя штогадовага абмену дэлегацыямі на важныя касцёльныя ўрачыстасці, якая склалася ў 1969 г. Праваслаўная дэлегацыя наведвае Рым ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, а каталіцкая – сядзібу Канстанцінопальскага Патрыярха ў Стамбуле з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя. Некалькі разоў дэлегацыі ўзначальвалі кіраўнікі абедзвюх Цэркваў: Ян Павел ІІ наведаў Стамбул у 1979 г., а Бэнэдыкт XVI – у 2006 г. Рым неаднаразова наведвалі Канстанцінопальскія Патрыярхі: Афінагор, Дзімітрыас і Барталамей І.

«Гэта сапраўды Божы Провід, што гістарычны жэст прымірэння, які стварыў умовы для новага дыялогу паміж праваслаўнымі і католікамі ў любові і праўдзе, узгадваецца ў самым пачатку Юбілею Міласэрнасці», - падкрэсліў 6 снежня пасля малітвы «Анёл Панскі» Папа Францішак.

Па словах Пантыфіка, «не існуе сапраўднага шляху да адзінства без просьбы аб прабачэнні, скіраванай да Бога і адзін да аднаго, за грэх падзелу». Святы Айцец заклікаў каталіцкіх вернікаў «узгадаць у малітвах дарагога Патрыярха Барталамея і іншых кіраўнікоў Праваслаўных Цэркваў і прасіць Пана аб тым, каб адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі заўсёды былі натхнёны братэрскай любоўю».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by