Пантыфік: сужэнства патрабуе штодзённага клопату | | Друк | |
Святы Айцец |
22.12.2015 09:51 |
Асаблівым чынам Папа падзякаваў людзям, якія на працягу многіх гадоў робяць аднолькавую, «часта незаўважную працу». «Мы ведаем, што гэта нармальна, гэта проста выкананне ўласных абавязкаў; але ведаем таксама, што для нас, людзей, гэта нялёгка, мы не машыны – дзякуй Богу! – і часам маем патрэбу ў стымуле, ці змене нечага», - сказаў Папа і заклікаў працаваць з цярплівасцю і спрабуючы дапамагаць адзін аднаму. Святы Айцец папрасіў прабачэння ў ватыканскіх служачых за нядаўнія скандалы і заклікаў маліцца за ўсіх, хто ў іх вінаваты, каб вярнуліся на правільны шлях. Папа таксама заахвоціў супрацоўнікаў ватыканскіх структур клапаціцца пра іх сужэнскае жыццё і дзяцей. «Клапаціцеся пра іх, не занядбоўвайце: гуляйце з дзецьмі», - пажадаў Папа. Пантыфік параўнаў сужэнства з раслінай. «Гэта не шафа, якую можна паставіць у пакоі і дастаткова час ад часу праціраць ад пылу. Гэта жывая расліна, аб якой трэба клапаціцца кожны дзень», - сказаў Святы Айцец. Папа адзначыў, што для дзяцей самым важным з’яўляюцца не рэчы, а любоў бацькоў і паміж бацькамі; што неабходна размаўляць з дзецьмі і пытацца, што яны адчуваюць і думаюць. «Дыялог паміж бацькамі і дзецьмі вельмі карысны! Ён дапамагае сталенню дзяцей», - сказаў Святы Айцец і нагадаў пра важнасць пажылых людзей у сям’і. Папа пажадаў, каб Юбілей Міласэрнасці перыжываўся таксама ў «хатніх Касцёлах», а не толькі ў вялікіх падзеях. Пан любіць тых, хто практыкуе міласэрнасць у штодзённасці, сказаў Пантыфік і заклікаў сужэнцаў заўсёды прабачаць адно аднаго і ніколі не класціся спаць, не прымірыўшыся пасля спрэчкі. Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |